У Гомелі праходзіць выстава старажытных ікон | Друк |
Грамадства
10.04.2012 11:56

Да 20 мая ў «Карціннай галерэі імя Вашчанкі» ў Гомелі працягнецца выстава калекцыі ікон XVIII-XX стагоддзяў «Святы таямнічы вобраз». У экспазіцыі прадстаўлены 36 ікон з фондаў Веткаўскага музея народнай творчасці.

Як паведамляе сайт гомельскай парафіі, у іконах, напісаных сельскімі майстрамі, праглядаецца спадчына беларускай школы іканапісу з яе рэнесанснымі рысамі ці традыцыя сармацкага партрэту. Так званыя бабіцкія абразы (па назве вёскі Бабічы Чачэрскага раёна, дзе, па ўспамінах жыхароў, здаўна пісаліся характэрныя творы) аб’яднаны сістэмай тэхналагічных і мастацкіх прыёмаў, адмысловым творчым почыркам і агульнасцю найбольш распаўсюджаных іканаграфічных тыпаў.

Гісторыя іканапісных традыцый Гомельшчыны непарыўна звязана з гісторыяй святыняў, у большасці сваёй разбураных і занядбаных у перыяд барацьбы з рэлігіяй. Гэтая выстава — спроба ўзгадаць страчанае і вярнуцца да захаванага.

 
© 2003-2024 Catholic.by