Прадстаўнікі Касцёла і Беларускай Праваслаўнай Царквы прапанавалі дапаўненні і змены ў Закон «Аб ахове здароўя» | Друк |
Грамадства
30.10.2012 14:54

Круглы стол «Новы закон „Аб ахове здароўя“: магчымыя навацыі ў інтарэсах дэмаграфічнага развіцця Беларусі» адбыўся ў Мінску 30 кастрычніка. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Беларускай Праваслаўнай Царквы. Па выніках працы была прынята рэзалюцыя аб унясенні дапаўненняў і змен у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя».

Як адзначаецца ў рэзалюцыі, Беларуская Праваслаўная Царква і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія Каталіцкага Касцёла прапануюць унесці шэраг дапаўненняў і змен у закон. Удзел грамадскіх і рэлігійных арганізацый у абмеркаванні вызначаны неабходнасцю прыняцця мер па зберажэнні здароўя народа, захавання і ўмацавання сям’і, абароны жыцця чалавека на ўсіх этапах: ад зачацця да натуральнай смерці, дэмаграфічнага развіцця з улікам нацыянальных дэмаграфічных інтарэсаў і рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі.

У рэзалюцыі падкрэсліваецца, што змены і дапаўненні ў Закон Беларусі «Аб ахове здароўя», якія прапануюць Касцёл і Беларуская Праваслаўная Царква, будуць спрыяць станоўчай дэмаграфічнай дынаміцы ў краіне.

Прызнаючы каштоўнасць чалавечага жыцця і неабходнасць захавання здароўя жанчын, якое становіцца нацыянальным капіталам з прычыны малой колькасці ўзроставай групы фертыльнага ўзросту, БПЦ і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія прапануюць шэраг мер, накіраваных на зберажэнне народа.

У рэзалюцыі адзначаецца, у прыватнасці, што змена палавой прыналежнасці па жаданні грамадзяніна недапушчальна, як разбуральны фактар ідэнтычнасці чалавека, духоўна-маральных асноваў сям’і, сямейных каштоўнасцяў і традыцый. Звяртаецца ўвага на недапушчальнасць аборту, а таксама стэрылізацыі як метаду кантрацэпцыі. Магчымасць «сурагатнага мацярынства» прапануецца выключыць з законапраекта, бо яно мае на ўвазе разбурэнне эмацыянальнай і духоўнай блізкасці, якая ўстанаўліваецца паміж маці і дзіцём падчас цяжарнасці. Артыкул «Правы медыцынскіх (фармацэўтычных) работнікаў» прапануецца дапоўніць правам на адмову ад правядзення медыцынскага ўмяшальніцтва па рэлігійных, этычных, маральных матывах.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і Беларуская Праваслаўная Царква падчас круглага стала выказалі гатоўнасць да адкрытага дыялога і ўдзелу ў грамадскіх слуханнях аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон «Аб ахове здароўя».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by