Свята для дзяцей з хоспіса: радавацца, нягледзячы на цярпенне | Друк |
Грамадства
04.06.2013 12:55

«Хворыя і церпячыя людзі — гэта скарб Касцёла», — паўтараў часта Ян Павел II. Вельмі важна не толькі згаджацца, але і жыць у адпаведнасці з гэтай праўдай.

Беларускі дзіцячы хоспіс сумесна з музеем авіяцыйнай тэхнікі ў Баравой пад Мінскам 1 чэрвеня арганізаваў свята для дзяцей, якія знаходзяцца пад апекай хоспіса.

Сярод наведвальнікаў музея ў гэты дзень было шмат сем’яў, сярод якіх і сям’я шматдзетнай маці Наталлі Ташціміравай.

«Для мяне дзень дзіцяці — не проста свята, але і клопаты, — расказвае Наталля. — Скончыўся навучальны год, і ўсе мае хлопцы (а іх у мяне восем) дома, трэба іх нечым заняць. Таму такія мерапрыемствы для нас — вялікая радасць!» 

Для прысутных дзяцей у гэты дзень быў падрыхтаваны адмысловы канцэрт. У мерапрыемстве прымалі ўдзел не толькі хворыя дзеткі, але таксама іх бацькі, браты, сёстры, а таксама валанцёры. 

Цікавай для многіх стала магчымасць не проста паглядзець на самалёты, але таксама «даследаваць» іх: ўвайсці, «панаціскаць» на кнопкі, пасядзець на месцы пілота.

«Мы не заўсёды можам знайсці ў Божых планах адказ на пытанне, чаму існуе цярпенне на нашым жыццёвым шляху. Але дзякуючы веры мы можам быць упэўнены, што ёсць на ім і план любові, праз які ўсё яднаецца ў Крыжы Езуса» — у свой час сведчыў папа Ян Павел II, які сам шмат цярпеў, аднак сілы для радасці знаходзіў заўсёды. 

Людміла Бурлевіч


 

 
© 2003-2024 Catholic.by