Дзеці, якія танцуюць: флэш-моб у інвалідных вазках | Друк |
Грамадства
03.06.2013 15:12

2 чэрвеня ў Парку імя Горкага адбыўся незвычайны танцавальны флэш-моб, арганізаваны школай танцаў на інвалідных калясках «Дар» моладзевага грамадскага аб’яднання «Адкрыццё». Папярэднічаў флэш-мобу паказ мод, які зладзілі дзеці ў вазках. Сярод арганізатараў былі адміністрацыя Партызанскага раёна, парк Горкага і танцавальны калектыў «Кляксы».

Мэта флэш-моба — нагадаць, што абмежаванні — не перашкода для тых, хто не баіцца марыць і хоча змяніць сваё жыццё ў лепшы бок. Фізічнай і сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў дапамагаюць танцы. Арганізатары акцыі хочуць змяніць адносіны грамадства да такіх дзяцей.
Упершыню танцы на вазках як метад рэабілітацыі з’явіліся ў 1960-ых у Велікабрытаніі. Пры паралімпійскім камітэце існуе Камітэт па танцах на калясках. На пачатку 90-ых таксама і ў Беларусі быў створаны Фонд дапамогі спартсменам-інвалідам.

Вольга Стэфняк у 2005 годзе далучылася да грамадскага аб’яднання «Адкрыццё». Яе дочкі Юля і Лена ў выніку цяжкіх родаў нарадзіліся з дыягназам «цэрэбральны параліч». У шпіталі казалі, што дзяўчынкі не пражывуць і некалькі гадоў. Аднак Вольга паставіла перад сабой задачу: выхаваць дзяўчат і дапамагчы ім стаць годнымі членамі грамадства.

«Што мне заставалася рабіць? — кажа Вольга. — Раскласці чорнае пакрывала і маляваць на ім жыццё рознакаляровымі фарбамі». Гэта атрымліваецца. Дзякуючы намаганням сям’і Стэфняк каля іх дома пабудаваны пандус. Дзяўчаты займаюцца ў мастацкай студыі, прыгожа малююць, робяць цікавыя рэчы з бісера, тканіны і скуры. Дзяўчаты наведваюць мадэльную школу і «танцуюць» на вазках.

Стомленая ад спякоты і рэпетыцый, з усмешкай на твары дзяўчынка Юля прызнаецца: «Бог дамагае мне ва ўсім. Калі памалюся аб нечым, так і станецца. Толькі хадзіць пакуль не магу, і вельмі Бога аб гэтым прашу. Але думаю, што і ў гэтым Ён дапаможа».

Людміла Бурлевіч

 
© 2003-2024 Catholic.by