У Мінску паказаны спектакль «Маё сэрца б’ецца» | Друк |
Грамадства
17.06.2013 16:20

15 чэрвеня ў КЗ «Мінск» у рамках штогадовага праекту «У абарону жыцця!» прайшоў музычны спектакль «Маё сэрца б’ецца». У спектаклі, пастаўленым рэжысёрам Паўлам Харланчуком па ідэі Алёны Сітнік, апавядаецца пра жыццё ненароджаных немаўлятаў у Нябеснай школе.

Мэта спектакля — звярнуць yвагу грамадства на найбольш неабароненую катэгорыю дзяцей, тых, якія яшчэ не нарадзіліся і якіх некаторыя нават не лічаць дзецьмі.

На Нябёсах дзеці, таленавітыя і радасныя, з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з бацькамі, і кожнаму з іх Вялікі Майстар дараваў асаблівае прызначэнне. Аднак выпускны ў аднаго хлопчыка не адбыўся... Ён застаўся на Нябёсах, бо яго бацькі не пажадалі сустрэцца з ім на зямлі. Вялікі Майстар бярэ дзіця-анёла пад сваю апеку. У гэты час на зямлі іншая маладая пара, якая намерваецца зрабіць аборт, пасля сустрэчы з дзяўчынкай-анёлам адмаўляецца ад свайго намеру на карысць жыцця.

Ролі ў пастанове выконвалі вядомыя беларускія акторы Ганна Хітрык, Павел Харланчук, Сяргей Рудэня, а таксама Уладзімір Козічаў, Міхал Есьман і Ганна Харланчук. Асаблівасць, якая кранае душу, — гэта ўдзел вялікай колькасці дзяцей, якія сваёй непасрэднасцю і натхнёнасцю не пакінулі гледачоў абыякавымі.

Надзея Гарэцкая


 
© 2003-2024 Catholic.by