У Полацку і Наваполацку медыкі на тыдзень адмовяцца ад правядзення абортаў | Друк |
Грамадства
21.03.2014 10:46

У Полацку і Наваполацку пройдзе акцыя “Разам – у абарону жыцця”. У межах акцыі на працягу тыдня, з 27 сакавіка па 3 красавіка, у бальніцах і жаночых кансультацыях у гэтых гарадах медработнікі адмовяцца ад правядзення абортаў.

Урачыстая цырымонія адкрыцця акцыі адбудзецца 27 сакавіка. 28 сакавіка ў лекцыйнай зале Наваполацка пройдзе навукова-практычны семінары “Роля медыцыны і акушэраў-гінеколагаў у вырашэнні дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі ва ўмовах ХХІ стагоддзя”. Пройдуць майстар-класы па кансультаванні жанчын у сітуацыях крызіснай цяжарнасці.

У межах тыдня адмаўлення ад правядзення абортаў запланаваны, між іншым, вулічныя акцыі “Разам у абарону жыцця” пры ўдзеле моладзі ў Наваполацку, майстар-класы па навучанні валанцёраў папулярызацыі сямейных каштоўнасцяў і прафілактыцы залежнасцяў.

Акцыя “Разам – у абарону жыцця” праводзіцца ў межах рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гг. Мэтай акцыі з’яўляецца прыцягненне шырокай грамадскай увагі да пытанняў сям’і, павелічэння нараджальнасці, фарміравання ў моладзі пазітыўных адносінаў да сямейных каштоўнасцяў.

Паводле афіцыйнага партала Беларускай Праваслаўнай Царквы

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by