Нататкі місіянера: «Мый рукі з мылам», або як змагаюцца з ліхаманкай Эбола ў Афрыцы (+фота) | Друк |
Грамадства
16.09.2014 13:40

Беларус кс. Сяргей Гоман — святар-місіянер з Таварыства cв. Яна Боско. Ужо 13 гадоў ён працуе на місіях у Афрыцы. Сёння ён распавядае пра акцыю па барацьбе з ліхаманкай Эбола ў С'ера-Леонэ, дзе ён жыве і працуе апошнія гады.

«Прывітанне са С'ера-Леонэ. Я памятаю пра вас у малітвах.

Сёння ў маім рэпартажы — наша акцыя, якую салезіяне правялі ў Лунгі, дапамагаючы шматлікім сем'ям (усяго — каля 200). Мы раздавалі вялікія вёдры, а таксама лячэбнае мыла і некаторыя прадукты харчавання — гэтыя сродкі могуць дапамагчы ў прафілактыцы ліхаманкі Эбола, якая захапіла краіну.


Нашы валанцёры раздавалі гэтыя рэчы, тлумачачы, што распаўсюджванню Эбола могуць перашкодзіць чыстыя рукі. Мы праводзілі тлумачэнні сярод людзей у касцёле, а таксама на вуліцах, рынках і іншых месцах.

Як вы можаце бачыць на фотаздымках, людзі былі вельмі ўдзячныя за гэтыя простыя рэчы і па-сапраўднаму шчаслівыя. Жыць у С'ера-Леонэ сёння зусім не проста. Цэны на прадукты харчавання высокія, многія не маюць чаго есці. Але з намі Бог.
 Мы павінны быць разам. Прашу вас аб малітве.

З малітвай і найлепшымі пажаданнямі».

Сяргей Гоман SDB

 
© 2003-2024 Catholic.by