Віртуальную кнігу сямейных традыцый прэзентуюць у Гродзенскай вобласці | Друк |
Грамадства
07.10.2014 11:00

Прэзентацыя праекта «Віртуальная кніга сямейных традыцый» адбудзецца ў Гродне ў канцы кастрычніка.

Сёлета на званне лепшае сямейнай традыцыі Гродзеншчыны прэтэндуюць сямейны выраб нацыянальніх ручнікоў, традыцыя летніх вандровак, рыбалка, рамесніцтва, складанне радаводу, садаводства, ландшафтны дызайн і інш.

Як інфармуе БЕЛТА, абласны конкурс на лепшую сямейную традыцыю ў Гродне пройдзе ўпершыню. У фінале з 11 прэтэндэнтаў журы вызначыць тры найбольш арыгінальныя і творчыя сям’і.

У ліку ўдзельнікаў — сем’і з усёй вобласці, якія выхоўваюць дзяцей. Конкурс уключае ў сябе сямейную прэзентацыю, а таксама выстаўкі сямейных дасягненняў.

Як паведамляецца, журы ацэньвае арыгінальнасць, працягласць і выхаваўчую каштоўнасць кожнай сямейнай традыцыі, а таксама культуру сямейных адносін.

«Усе матэрыялы, якія характарызуюць сямейныя традыцыі, будуць алічбаваны або (калі яны ўжо запісаны ў электронным выглядзе) занесены ў спецыяльную кнігу даных. Яна і стане асновай для інтэрнэт-рэсурса — віртуальнай кнігі сямейных традыцый Гродзенскай вобласці, — прыводзіць словы прадстаўніка райвыканкама інфармацыйнае агенцтва. — Мы хочам, каб моцныя сем’і, (…) якія захоўваюць з пакалення ў пакаленне пазітыўныя творчыя традыцыі, былі прыкладам для нашай моладзі (…)».

Прэзентацыя праекта запланавана на Дзень маці і ў гонар 70-годдзя Гродзенскай вобласці.

(JLS)

 
© 2003-2024 Catholic.by