У Мінску прайшла канферэнцыя на тэму смяротнага пакарання | Друк |
Грамадства
10.03.2016 18:04

Беларусь – адзіная краіна СНД і Еўропы, дзе да гэтага часу існуе смяротнае пакаранне. Пытанне адмены найвышэйшай меры пакарання доўгі час выклікае дыскусіі сярод палітыкаў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і актывістаў. Чарговая канферэнцыя на гэтую тэму прайшла 10 сакавіка ў мінскім гатэлі «Renaissance». У канферэнцыі прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.



У канферэнцыі прынялі ўдзел беларускія і замежныя палітыкі, прадстаўнікі ААН, Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), Міжнароднай камісіі супраць смяротнага пакарання, АБСЕ, беларускіх і міжнародных праваабарончых і многіх іншых арганізацый.

Сярод удзельнікаў быў і Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама протаіерэй Сергій Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы.


«Я прапаноўваю ўвесці хоць бы часовы мараторый на смяротнае пакаранне»

Спецыяльны прадстаўнік ЕС па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс прапанаваў замяніць смяротнае пакаранне пажыццёвым зняволеннем.

«Па ўсім свеце я бачыў розныя віды пакарання», — заўважыў Стаўрас Ламбрынідзіс і прывёў прыклад жудасных пакаранняў, якія ўчыняюць ісламісты над хрысціянамі.

«Некаторыя людзі імкнуцца заліць гэты свет крывёю. Імкнуцца і нас звесці да гэтага ўзроўню. Але абавязак цывілізаваных людзей сказаць: “мы не будзем”. Палітыкі павінны размаўляць з людзьмі і вучыць іх. Трэба мець адвагу ўзяць на сябе лідарства ў гэтым пытанні», — заключыў прадстаўнік ЕС па правах чалавека.

Андрэа Рыгоні, прадстаўнік Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ), заявіў, што катэгарычна супраць смяротнага пакарання.

«У 1982 годзе Савет Еўропы прыняў першы закон аб адмене смяротнага пакарання, таму што лічыць, што права на жыццё — гэта фундаментальная каштоўнасць. І менавіта з-за існавання ў Беларусі смяротнага пакарання 19 гадоў таму для яе быў прыпынены “статус спецыяльна запрошанага ў Савет Еўропы”», — сказаў Андрэа Рыгоні.


Прадстаўнік ПАСЕ адзначыў, што гэтая канферэнцыя «ідзе па шляху пераадолення і абмеркавання», і заклікаў прысутных не спыняцца толькі «на этапе дыскусіі».

«Я прапаноўваю ўвесці хоць бы часовы мараторый на смяротнае пакаранне, каб Беларусь увайшла ў Савет Еўропы. Я думаю, што Беларусь без смяротнага пакарання будзе лепшым светам», — дадаў Рыгоні.

«Вельмі шмат часу мы глядзелі адзін аднаму ў вочы. Настаў час, каб мы глядзелі ў адным накірунку», — завяршыў сваё выступленне палітык.

Беларускія рэаліі

Старшыня працоўнай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па вывучэнні смяротнага пакарання Мікалай Самосейка распавёў прысутным аб тым, што робіцца ў справе адмены смяротнага пакарання ў Беларусі.

Мікалай Самосейка падкрэсліў, што пытанне адмены смяротнага пакарання ў Беларусі разглядалася не раз, але да гэтага часу яно застаецца толькі на этапе абмеркавання. І пасля падзей «Плошчы» 2010 года яно было спынена.

Сярод прычын ён назваў таксама тэракт у мінскім метро і грамадскае меркаванне народа Беларусі, які ў большасці выказаўся за захаванне смяротнага пакарання.

«Вельмі важна праводзіць такія канферэнцыі. І я лічу, што іх патрэбна праводзіць менавіта на тэрыторыі Беларусі. Я пагаджуся са спадаром Рыгоні і дадам, што мы павінны глядзець у адзін бок не толькі ў пытаннях смяротнага пакарання, але і ў іншых», — заўважыў Мікалай Самосейка.

Старшыня Камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карэл Шварцэнберг выказаўся адносна вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму, калі большасць беларусаў прагаласавала за захаванне смяротнага пакарання.

«Калі грамадскае меркаванне супярэчыць маральным каштоўнасцям, мы, палітыкі, павінны пастарацца яго змяніць. У справе адмены смяротнага пакарання патрэбна праявіць большую смеласць», — заявіў Карэл Шварцэнберг.

Выступоўцы выказалі розныя думкі адносна тэмы канферэнцыі, але ў асноўным гучала жаданне адмены або мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі.

Пазіцыя Касцёла

Сімвалічна і важна, што на гэтую канферэнцыю былі запрошаны прадстаўнікі Касцёла і Праваслаўнай Царквы.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас свайго выступлення падкрэсліў немаральны характар смяротнага пакарання.

«Касцёл ясна і недвухсэнсоўна выступае ў абарону кожнага чалавечага жыцця, як галоўнага прынцыпу гуманізму, які ў хрысціянстве дасягае сваёй найглыбейшай матывацыі», — заўважыў Мітрапаліт.

Арцыбіскуп адзначыў, што пытанне смяротнага пакарання найперш этычнае. Шанаванне жыцця, як каштоўнасці, як падкрэсліў іерарх, пераважае над дыскусіяй аб уплыве смяротнага пакарання з мэтай дасягнення справядлівасці і захавання публічнага парадку.

Поўны тэкст выступлення >>>

Сваім вопытам у сферы адмены смяротнага пакарання падзяліліся прадстаўнікі праваабарончых арганізацый з розных краін Еўропы.

Ніколь Вірш, спецыяльны пасланнік па правах чалавека са Швейцарыі, у сваёй прэзентацыі паказала швейцарскі вопыт адмены смяротнага пакарання, а Ігар Мірашнічэнка (заўв. на фота — унізе), кіраўнік Нацыянальнага механізма па прадухіленні катаванняў і жорсткіх адносін з вязнямі Алмацінскай вобласці Казахстана, пазнаёміў гасцей з крымінальнай палітыкай гэтай краіны.


Распавёў пра дынаміку змянення заканадаўства ў Беларусі і старшыня Канстытуцыйнага Суда Беларусі Рыгор Васілевіч.

Пытанне адмены або ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне абмяркоўвалася на працягу 6 гадзін і сабрала палітыкаў і прадстаўнікоў арганізацый з розных краін Еўропы.

Канферэнцыя «Смяротнае пакаранне: пераадольванне рознагалоссяў» стала першай за апошнія тры гады спробай адкрыць Беларусь на міласэрнасць у адносінах да самых апошніх «грэшнікаў грамадства».  

Марына Валасар, фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by