Бясплатная паслуга дзённага дагляду пажылых людзей з’явіцца ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці | Друк |
Грамадства
11.03.2016 10:23

Бясплатную паслугу дзённага дагляду пажылых людзей плануюць укараніць да канца 2016 года ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пра гэта паведамляе БЕЛТА.

На сёння магчымасць карыстацца паслугай дзённага дагляду даюць тры такія цэнтры ў вобласці: у Стаўбцоўскім, Уздзенскім і Лагойскім раёнах.



«У аддзяленні дзённага прабывання залічваюцца людзі пажылога ўзросту, якія захавалі (цалкам або часткова) здольнасць да самаабслугоўвання і перасоўвання. Увесь дзень яны знаходзяцца пад наглядам спецыялістаў, могуць пры жаданні наведаць дзеючыя ў цэнтрах гурткі і клубы па інтарэсах, заняткі па лячэбнай фізкультуры», — адзначыла начальнік упраўлення дзяржаўнай і сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама Марына Гурчанка.

Паводле яе слоў, рашэнне аб укараненні паслугі да канца 2016 года прыняла калегія камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.

(IL)

 
© 2003-2024 Catholic.by