У Віцебску адбыўся семінар па цэлебрацыі літургіі паводле трыдэнцкага абраду | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
19.07.2010 17:36
З 13 па 17 ліпеня 2010 г. пры касцёле святой Барбары г. Віцебска прайшоў семінар для святароў, якія жадаюць навучыцца цэлебраваць Імшу паводле Рымскага Імшала благаслаўлёнага папы Яна XXIII ад 1962 г. — так званую трыдэнцкую Імшу.

7 ліпеня  2007 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI выдаў «Summorum Pontificum», у якім сказана, «што Рымскі Імшал, абнародаваны святым Піем V і выдадзены ў чарговы раз благаслаўлёным Папам Янам XXIII у 1962 г., павінен быць прызнаны за надзвычайную форму таго самага прынцыпу малітвы (Lex orandi) і павінен быць адпаведна прызнаны з увагі на шанаваны і старажытны звычай…». Такім чынам, «дазволена адпраўляць Ахвяру Імшы паводле тыповага выдання Рымскага Імшала, абнародаванага благаслаўлёным папам Янам XXIII у 1962 г. і ніколі не адмененым, як надзвычайную форму Літургіі Касцёла».

Гэты семінар сабраў святароў не толькі з Беларусі — яе прадставілі святары з Пінскай (кс. Віталіс Мышона з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Панны Марыі з Фацімы ў Лельчыцах, кс. Вікенцій Сяўрук з парафіі Узвышэння Святога Крыжа, Нароўля) і Віцебскай дыяцэзій (кс. Дзмітрый Іваноў з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Сянно), але таксама з Расіі (Санкт-Пецярбург). Прыехалі на семінар і свецкія вернікі — прадстаўнікі Una voce Russia з Масквы і хлопцы з Літвы, якія служаць у якасці міністрантаў падчас адпраўлення трыдэнцкай Імшы.

Месца правядзення семінара было невыпадковым: пробашч парафіі святой Барбары а. Міхаіл Ермашкевіч ОР з 2007 г. цэлебруе для вернікаў трыдэнцкую Імшу.


 Семінар праводзіў кс. Іва Оунпуў, пробашч парафіі Святога Духа ў Валзе (Эстонія), які рэгулярна адпраўляе трыдэнцкую Імшу ад часу свайго святарскага пасвячэння. Дарэчы, выступаць у якасці настаўніка для яго было не ўпершыню — у Эстоніі ён вучыў адпраўленню трыдэнцкай Імшы трох святароў.

У першы дзень на пытанне, чаго кс. Іва чакае ад семінара, ён адказаў: «Я хацеў бы, каб семінар абудзіў ў гэтых ксяндзоў глыбокі, інтэнсіўны інтарэс да трыдэнцкай Імшы». Таксама ў якасці настаўніка на семінары выступаў біскуп Атанасіус Шнайдэр, дапаможны біскуп Карагандзінскай дыяцэзіі (Казахстан), які прыехаў па асабістым запрашэнні біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. Біскуп Атанасіус Шнайдэр з’яўляецца прафесарам ў Карагандзінскай семінарыі, і сярод дысцыплін, якія ён выкладае, знаходзіцца і літургіка.

Праца семінара была арганізавана паводле наступнага раскладу. Кожны дзень кс. Іва адпраўляў трыдэнцкую Імшу па прынцыпе ад простай формы да больш складанай. У першы дзень ён адправіў рэцытаваную Імшу з адным міністрантам, у другі — рэцытаваную імшу з удзелам двух міністрантаў, у трэці дзень — спяваную Імшу з кадзілам. Таксама кс. Іва праводзіў практычныя заняткі па навучанню трыдэнцкай Імшы.

У другой палове дня канферэнцыі праводзіў біскуп Атанасіус Шнайдэр. Падчас першай канферэнцыі для святароў іерарх гаварыў аб унутраным яднанні з Езусам падчас літургіі, каб не было разыходжанняў паміж знешняй формай, унутраным удзелам і ўнутранай святасцю. Першай задачай з’яўляецца святасць святара, і форма павінна дапамагаць святасці. Таксама біскуп Шнайдэр гаварыў, што ўсё трэба рабіць з любоўю і ў духу Касцёла. У другой частцы гэтай канферэнцыі біскуп зрабіў гістарычны агляд літургічнай рэформы да і пасля Другога ватыканскага Сабору. Тэма другой канферэнцыі гучала наступным чынам: «Святая Імша як ахвяра». Пасля канферэнцый удзельнікі семінара мелі магчымасць паразмаўляць з біскупам  і задаць яму пытанні.

 У пятніцу, 16 ліпеня, ва ўспамін Маці Божай Шкаплернай, на заканчэнне семінара біскуп Атанасіус Шнайдэр урачыста адправіў missa praelaticia.  На гэтай Імшы прысутнічала шмат вернікаў з усіх парафій Віцебска. Гамілію падчас літургіі прамовіў сам біскуп Шнайдэр.

Усе ўдзельнікі семінара пазітыўна ацанілі яго дзейнасць і вынікі. Ксёндз Віталіс Мышона адзначыў: «На гэты семінар варта было прыехаць нават дзеля таго, каб убачыць, як Яго Эксцэленцыя біскуп Шнайдэр робіць знак крыжа і кленчыць».

Семінар быў арганізаваны Una voce Russia, Una voce Albaruthenia і парафіяй Святой Барбары ў Віцебску. Вялікую падтрымку ў правядзенні семінара аказала курыя Віцебскай дыяцэзіі, якая дапамагла зрабіць запрашэнні для замежных гасцей.
          
          К. Лаўрыненка

 
© 2003-2024 Catholic.by