Фестываль «Magnificat-2010» падыходзіць да завяршэння | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.09.2010 16:23

Падыходзіць да завяршэння чацвёрты дзень Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх дакументальных фільмаў і тэлепраграм «Magnificat-2010». Накіруемся на Віцебшчыну, дзе на дадзены момант згуртаваліся ўдзельнікі фестывалю і перажываюць самы яго разгар, бо неўзабаве наступіць заключны дзень і прынясе вестку аб пераможцах.

Другі дзень фестывалю, 8 верасня 2010 г., распачаўся падарожжам, якое ўдзельнікі мерапрыемства здзейснілі з Мінска ў Глыбокае. На гасціннай глыбоцкай зямлі хлебам-соллю іх сустракалі мясцовыя гаспадары.

Да шматлікіх гасцей з прывітальным словам звярнуўся першы намеснік старшыні райвыканкама Віталій Пяткевіч. «Сёння мы вітаем у нашым невялікім мястэчку сярод усіх жыхароў горада і раёна ўдзельнікаў шостага Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм, — сказаў старшыня райвыканкама. — Мы доўга чакалі гэтага цудоўнага дня, таму што „Магніфікат“ стаў для нас адным з галоўных святаў года. Мы рыхтаваліся, імкнучыся стварыць спрыяльныя ўмовы для працы, адпачынку і культурных праграм. Мы цудоўна разумеем, што ў свеце шмат праблем, мы ўсведамляем гэта і разумеем чалавечыя лёсы. І сёння, сустракаючы гэтае свята, мы робім хоць невялікі ўнёсак, укладваем нашу лепту ў тое, каб умацаваць хрысціянскія карані, пазнаць веліч і каштоўнасць чалавечага жыцця».

Трэці дзень, 9 верасня, распачаўся традыцыйнай пілігрымкай удзельнікаў і гасцей фестывалю ў славутую вёску Мосар, якая знаходзіцца недалёка ад Глыбокага. Гэтая невялічкая вёска стала шырока вядомай у Беларусі і далёка за межамі нашай краіны дзякуючы былому пробашчу мясцовай парафіі Святой Ганны ксяндзу прэлату Юзафу Бульку, змагару за цвярозы лад жыцця. Цяперашняя сустрэча з Мосарам пачалася з наведвання магілы руплівага душпастыра, які адышоў у вечнасць у студзені гэтага года. Пасля супольнай малітвы на магіле памерлага госці наведалі сад, пасаджаны былым пробашчам і мясцовымі вернікамі. Затым паслухалі канцэрт, падрыхтаваны хорам раённага дома культуры г. Глыбокае.

А між тым, ужо амаль завяршыўся прагляд конкурсных работ. Засталася апошняя стужка «Пскоўская духоўная місія» (Латвія), паказ якой адбудзецца 11 верасня — у дзень завяршэння фестывалю. На дадзены момант удзельнікі прысутнічаюць на так званым Вечары дакументальнага кіно ў Цэнтры Еўропы, які праходзіць у Івесі.

Будзьце пільнымі, 11 верасня з’явяцца вынікі фестывалю.

 
© 2003-2024 Catholic.by