Тэатралізаванае прадстаўленне «Мама, дазволь мне жыць!..» паказалі ў Дунілавічах | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
28.03.2011 15:00

25 сакавіка 2011 г. у парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў  Дунілавічах (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) адбылося тэатралізаванае прадстаўленне «Мама, дазволь мне жыць!..». Як вядома, ва ўрачыстасць Звеставання Пана звяртаецца асаблівая ўвага на абарону ненароджаных дзяцей, якім пагражае небяспека аборту. У гэты дзень Касцёл агортвае малітвай тых жанчын, якія не маюць адвагі прыняць новае жыццё, і заахвочвае вернікаў да духоўнага ўсынаўлення ненароджаных дзяцей.

У гаміліі падчас літургіі пробашч парафіі кс. Павел Самсонаў звярнуў увагу на вялікую патрэбу малітвы ў інтэнцыі ненароджаных дзяцей і асабліва заахвочваў да духоўнага ўсынаўлення. Пасля святой Імшы моладзь і дзеці паказалі невялікую сцэнку ў абарону жыцця. Затым кожны меў магчымасць падысці да пробашча і атрымаць формулу абяцання са штодзённай малітвай.

Мы верым, што малітва духоўнага ўсынаўлення прынясе плён у нашай краіне, дзе праблема абортаў яшчэ вельмі вялікая. Таксама спадзяемся, што яна падорыць жыццё дзеткам, якім пагражае небяспека ад самага блізкага чалавека — ад маці. Наша малітва можа прынесці радасць ад дзіцячага смеху ў сем’і, якія перажываюць цяжкасці.

C. Марына Брылёнак
 
© 2003-2024 Catholic.by