У віцебскім касцёле св. Барбары адбылася Імша Хрызма | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.04.2011 13:44

20 красавіка 2011 г., у Вялікую сераду, у касцёле св. Барбары ў Віцебску адбылася Імша Хрызма з удзелам духавенства Віцебскай дыяцэзіі. Падчас набажэнства быў асвечаны алей, які ўжываецца пры ўдзяленні сакрамэнтаў хросту, канфірмацыі, святарства і намашчэння хворых. Літургію ўзначаліў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін.

Іерарх заахвоціў прысутных святароў быць вернымі ідэалам святарства і сапраўднымі вучнямі Хрыста. Духавенства падчас літургіі дзякавала за пакліканне да святарства — самы вялікі дар, які можа атрымаць чалавек. Таксама духавенства аднавіла абяцанні, дадзеныя падчас святарскіх пасвячэнняў.

Гамілію прамовіў а. Раман Шульц ОР, які прапанаваў святарам успомніць надпісы з прыміцыйных абразкоў і паразважаць над сутнасцю свайго паклікання.

Напрыканцы сустрэчы біскуп Уладзіслаў Блін папрасіў перадаць ўсім вернікам дыяцэзіі словы запрашэння на ўрачыстасць абвяшчэння новай катэдры. Гэтая падзея адбудзецца ў Віцебску 18 чэрвеня. Чакаюцца шматлікія госці з Беларусі, а таксама з-за мяжы.

Ксёндз Віктар Місевіч прэзентаваў прысутным новую газету «Каталіцкі Веснік», прадставіў святарам некаторую інфармацыю па распаўсюджванні газеты і запрасіў да суаўтарства. Ксёндз Вячаслаў Барок паведаміў пра дыяцэзіяльныя пілігрымкі па святых месцах свету, якія арганізоўвае парафія св. Язафата Кунцэвіча ў Расонах. Не абышлося і без спартыўных навін. Ксёндз Аляксандр Грыцкевіч з Дзісны запрасіў на міністранцкія спаборніцтвы па міні-футболе на кубак біскупа Уладзіслава Бліна, якія адбудуцца ў Дзісне 14 мая.

Выступіў таксама архімандрыт Сяргей Гаек. Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі прэзентаваў кнігу а. Язэпа Германовіча «Як Казюк сабраўся да споведзі» і павіншаваў усіх святароў з днём святарства.

Кс. Віктар Місевіч


 
© 2003-2024 Catholic.by