Пад уражаннем ад падзеі: у Віцебску прайшла сустрэча, прысвечаная беатыфікацыі Яна Паўла II | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.05.2011 13:27

8 мая 2011 г. у культурна-рэлігійным цэнтры віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага прайшла імпрэза, прысвечаная нядаўняй беатыфікацыі Яна Паўла II. Вернікі з розных парафій горада сабраліся ва ўтульнай зале цэнтра, каб падзяліцца ўражаннямі ад падзеі, што адбылася ў Апостальскай Сталіцы тыдзень таму, узгадаць галоўныя вехі жыцця і душпастырскага служэння Вялікага Папы, яго ролю ў развіцці Касцёла і сусветнай хрысціянскай думкі.

Пра сутнасць і сэнс цырымоніі беатыфікацыі наогул, а таксама пра дачыненне асобы Яна Паўла II да нашай краіны распавёў, суправаджаючы аповед дэманстраваннем урыўкаў з відэафільмаў, вікарый парафіі кс. Юрый Жаўняровіч. Валянціна Осіпава прачытала ўласныя вершы, напісаныя пад уражаннем ад сустрэчы з Папам падчас адной з яго шматлікіх паездак. Дасканалым дэкламаваннем твораў самога Папы са зборніка «Рымскі трыпціх» парадавалі прысутных юныя акцёркі Насця Якіменка, Ліза Чыркова і Яна Латыш, а іх настаўніца Нэля Зайцава з густам прачытала любімы ўрывак благаслаўлёнага з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». За музычную частку вечарыны адказвалі студэнткі Анастасія Тэрэз і Вольга Дуброўская.

Падчас імпрэзы працавала таксама выстаўка выданняў філасофска-тэалагічных і мастацкіх твораў Яна Паўла II. Пасля заканчэння мерапрыемства прысутныя мелі магчымасць аддаць даніну пашаны Вялікаму Папу, пастаяўшы ў маўчанні каля ўстаноўленага яму пры ўваходзе ў касцёл помніка.

Ф. Дубраўскі


 
© 2003-2024 Catholic.by