Школьнікі з Варапаева і Дунілавіч прынялі ўдзел у «андрэйках» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
28.11.2011 15:13

26 лістапада 2011 г. у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Варапаеве (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) адбыліся Андрэйкі. Перад распачаццем Адвэнту, часу радаснага чакання нараджэння Езуса Хрыста, вучні 6–9 класаў сабраліся, каб супольна перажыць гэты апошні вечар звычайнага перыяду літургічнага года.

На сустрэчу прыехалі таксама дзеці з парафіі Святой Тройцы з Дунілавіч, што забяспечыла новыя знаёмствы і новыя гісторыі. Сустрэча распачалася біблійнай віктарынай, на якой трэба было праявіць усе свае рэлігійныя веды — пачынаючы ад стварэння свету і заканчваючы пытаннямі з Новага Запавету; таксама былі патрэбныя веды пра Святога Айца і пра многае іншае. Хоць часам удзельнікам сустрэчы даводзілася адказваць на складаныя пытанні, але віктарына праходзіла ў атмасферы радасці і ўзаемнай любові. Пасля падвядзення вынікаў і ўручэння ўзнагарод настаў час забаваў і, канешне, танцаў.

Гэтая сустрэча перад Адвэнтам прынесла шмат радасці дзецям, больш з’яднала іх паміж сабой, адчыніла сэрцы на новыя знаёмствы, на новых сяброў, дапамагла аднавіць свае рэлігійныя веды, што і павінна паспрыяць добраму перажыванню гэтага цудоўнага часу падрыхтоўкі да Божага Нараджэння.

С. Марына Брылёнак

 
© 2003-2024 Catholic.by