Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каб наша вера была больш радаснай: біскуп Блін наведаў віцебскую парафію Св. Барбары
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.12.2011 15:49

4 снежня 2011 г., ва ўспамін св. Барбары, парафію Святой Барбары ў Віцебску з візітацыяй наведаў біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. На фэст прыбылі і прадстаўнікі іншых парафій горада: Езуса Міласэрнага, Святога Духа і Святога Антонія. У 1990-я гг. парафія Святой Барбары была адзінай у Віцебску і тады аб’ядноўвала ўсіх вернікаў. Да чэрвеня гэтага года касцёл святой Барбары быў катэдральным.

Біскупа Бліна прывіталі хлебам-соллю пробашч парафіі а. Міхал Ермашкевіч ОР і старшыня парафіяльнай рады Сяргей Васількоў. Іерарху падзякавалі за ўсё, што ён зрабіў для парафіі і касцёла. Маленькая парафіянка Вераніка падарыла біскупу ружу, якую ён, у сваю чаргу, ахвяраваў Маці Божай. На пытанне біскупа, з кім яна прыйшла ў касцёл, Вераніка адказала: «З мамай і татам». Безумоўна, можна толькі парадавацца за маленькую Вераніку, якую менавіта бацькі прывялі ў касцёл.

Падчас візітацыі біскуп цэлебраваў дзве Імшы, каб сустрэцца з найбольшай колькасцю парафіянаў. Першую літургію для дзяцей разам з іерархам канцэлебраваў а. Кшыштаф Кац’ян ОР. У гаміліі біскуп у простай і даступнай форме выклаў для маленькіх парафіянаў кароткую гісторыю збаўлення, асабліва спыніўшыся на гісторыі нараджэння Езуса. Затым дзеці з задавальненнем адказвалі на пытанні.

Пасля Імшы маленькіх парафіянаў чакаў сюрпрыз — да іх завіталі ў госці святая Барбара і святы Мікалай. Біскуп жартаўліва распытаў «святую Барбару» і «святога Мікалая» пра іх дзейнасць. Зразумела, што «святы Мікалай» прыйшоў да маленькіх парафіянаў з падарункамі, якія і раздаў дзецям. Пры гэтым пробашч а. Міхал Ермашкевіч ОР нагадаў, што ў касцёл мы прыходзім не па падарункі, але дзеля таго, каб рыхтавацца да вечнага святкавання з Панам Богам у небе.

Падарунак атрымаў і біскуп Уладзіслаў Блін. Ала Пяцікава, прадстаўніца парафіяльнага Легіёна Марыі, падарыла іерарху вышыванку з выявай святога Язафата, апекуна Віцебскай дыяцэзіі.

Святую Імшу суму разам з біскупам канцэлебравалі а. Ермашкевіч і а. Раман Шульц ОР. У гаміліі іерарх заклікаў усіх звярнуцца да прыкладу Марыі. Даведаўшыся, што яна чакае нараджэння Збаўцы, яна стала больш маўклівай і малілася. «Ці мы сапраўды ўмеем маўчаць? Ці падчас Адвэнту мы больш молімся? Мы павінны памятаць, што мы часова на гэтай зямлі», — адзначыў біскуп. Таксама іерарх расказаў пра аднаго старога чалавека, які звярнуўся да яго. Па словах гэтага чалавека, ён і не заўважыў, як каля яго дома вырас касцёл. Цяпер ён ужо не можа выходзіць з дома, таму ў нядзелю глядзіць у акно на тых, хто ідзе ў святыню. Біскуп працягваў: «Яны знайшлі сваю дарогу да Бога, да святыні. Адвэнт гэтага старога чалавека таксама пачаўся, ён яшчэ паспее. Я рады, што ў яго сэрцы будзе Божае Нараджэнне». Таксама біскуп заклікаў, каб наша вера была больш радаснай і дапамагала нам перамагаць грахі.

На заканчэнне візітацыі біскуп Блін звярнуўся да парафіянаў са словамі: «Хрыстус жадае ад нас аднаго: каб мы ішлі і абвяшчалі Божае слова. Гэта нашае заданне. І не толькі праз святыя сакрамэнты, але перадусім праз цудоўнае святое жыццё. І я жадаю, каб вы заўсёды былі шчаслівыя з Богам. Бог нас любіць. Ён ніколі не пакінуў нікога... Дзякуй Богу, што мы паціху ўзрастаем у веры.  Гэта важна не толькі для кожнага з нас, але і для выратавання свету. Толькі нашае добрае жыццё і малітва ратуюць гэты свет».

Кацярына Лаўрыненка


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Беларусь - Віцебская дыяцэзія

27.06 08:50Біскуп Алег Буткевіч памаліўся за ахвяраў Беразвецкай трагедыі
26.06 16:36У Віцебску прайшла міжнародная канферэнцыя на тэму духоўнай спадчыны Францішка Скарыны
26.06 14:17«Горад Скарыны вачыма мастакоў»: у Віцебску адкрылася выстаўка да 500-годдзя беларускай Бібліі
20.06 10:33Упершыню ў Будслаў ладзіцца пілігрымка для людзей з алкагольнай і наркатычнай залежнасцямі
14.06 12:49На Браслаўшчыне знайшоўся старадаўні абразок з малітвай на беларускай лацінцы
13.06 16:48«Мы танцавалі ў гэтым клубе на выпускным, а сёння тут касцёл»: у Віцебску асвяцілі касцёл св. Антонія
12.06 15:05Сведчанне веры: працэсія Божага Цела прайшла вуліцамі Віцебска
12.06 10:14У Віцебску абмеркавалі праблемы ўрачэбнай этыкі
05.06 17:35Брат Канстанцін Гушча МІС з Наваполацка атрымаў дыяканскае пасвячэнне
02.06 08:48Беларус Яўген Жукоўскі прыняў дыяканскае пасвячэнне ў супольнасці сальватарыянаў