У Віцебску прайшло адвэнтавае чуванне з біскупам Блінам | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.12.2011 11:29

У нядзелю 11 снежня 2011 г. у парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску адбылося адвэнтавае чуванне з удзелам біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. Трэцюю нядзелю Адвэнту называюць радаснай. І гэтая радасць асаблівым чынам напоўніла сэрцы тых вернікаў парафіі, якія падчас святой Імшы прынялі сакрамэнт канфірмацыі.

Біскуп Блін адзначыў, што гэты сакрамэнт дае сілу для барацьбы са злом, і заахвоціў кандыдатаў, каб яны сваёю жывою вераю сведчылі аб Валадарстве Хрыста на зямлі.

Святую Імшу разам з біскупам канцэлебраваў пробашч парафіі кс. Алег Буткевіч. У гаміліі біскуп заклікаў усіх звярнуцца да прыкладу Марыі, а гэта значыць быць больш маўклівымі і маліцца. «Ці мы сапраўды ўмеем маўчаць, асабліва жанчыны? Ці падчас Адвэнту мы больш молімся? Мы павінны памятаць, што мы часова на гэтай зямлі», — адзначыў іерарх.

Нягледзячы на нязручныя ўмовы, выкліканыя рэканструкцыяй касцёла, у часовай капліцы сабралася шмат вернікаў і гасцей з іншых парафій Віцебска. Біскупа Бліна асабліва ўзрадавала вялікая колькасць дзяцей — гэта значыць, Касцёл жыве і будзе жыць. «У парафіі будуецца не толькі мураваны касцёл, але і жывы», — падкрэсліў біскуп.

Напрыканцы святой Імшы вернікі скіравалі словы ўдзячнасці да біскупа і павіншавалі яго з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння.

На памяць біскуп Уладзіслаў Блін сфатаграфаваўся з парафіянамі і дзецьмі, а таксама з макетам будучага рэканструяванага касцёла св. Антонія.

Вольга Шыдлоўская

 
© 2003-2024 Catholic.by