Арцыбіскуп Гуджэроцці наведаў грэка-каталіцкі храм у Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
05.04.2012 15:00

4 красавіка 2012 г. у межах візіту ў Віцебскую дыяцэзію Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці па запрашэнні Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў у нашай краіне архімандрыта Сяргея Гаека наведаў храм Уваскрасення Хрыстовага Грэка-каталіцкай Царквы ў Віцебску.

У сустрэчы нунцыя з віцебскімі грэка-католікамі прыняў удзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Сяргей Фадзеенкаў, грэка-каталіцкія святары і семінарысты.

Падчас візіту арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што бачыць моладзь, якая жадае служыць Пану і Яго Касцёлу. «Грэка-каталіцкай Царкве патрэбны людзі, якія былі б сталымі ў сваёй прысутнасці ў храме. Дзякуй Богу, такая практыка ўжо ёсць, і яе нельга згубіць», — падкрэсліў іерарх і дадаў, што трэба клапаціцца аб тым, каб вернікі ўдзельнічалі ў сакрамэнтах, чулі Божае слова і прымалі актыўны ўдзел у жыцці і развіцці Касцёла.

«Паўсюдны Касцёл ганарыцца вернасцю Касцёла на Усходзе», — адзначыў іерарх напрыканцы візіту і заахвоціў грэка-каталіцкіх вернікаў надалей захоўваць свае традыцыі.

Дадзены візіт арцыбіскупа Гуджэроцці ў Віцебск быў ужо другім. Упершыню прадстаўнік Папы пабываў там 15 снежня 2011 г., калі наведаў парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку ў дзень духоўных сустрэч святароў і кансэкраваных асобаў.

Кс. Юрый Марціновіч

 
© 2003-2024 Catholic.by