Велікодныя канікулы са св. Антоніем перажылі семінарысты Віцебскай дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
17.04.2012 15:49

З 9 да 16 красавіка 2012 г. семінарысты Віцебскай дыяцэзіі ўдзельнічалі ў пілігрымцы ў Падую (Італія). Гэта быў незабыўны час малітвы, прабывання ў сяброўскай супольнасці, час радасных велікодных канікул.

Дзякуючы благаслаўленню і падтрымцы біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна семінарысты змаглі памаліцца перад абразом Маці Божай у Чэнстахове, наведаць Прагу, захапіцца духоўным багаццем Падуі і Венецыяй. Пілігрымку арганізавалі рэктар віцебскіх семінарыстаў кс. Андрэй Бульчак і дэкан Лепельскі кс. Андрэй Аніскевіч, які раней быў пэўны час пробашчам адной з парафій дыяцэзіі Бэллуно.

Падарожжа набыло таксама фармацыйны характар, бо семінарысты пазнаёміліся з жыццём звычайнай парафіі ў Альпах і з грыгарыянскай семінарыяй у гэтай дыяцэзіі. Семінарыя з’яўляецца трэцяй у свеце па ўзросце. Яе выпускнікамі былі некалькі Рымскіх Пап. Семінарысты былі таксама запрошаны ў пакой, дзе пражываў як выкладчык бл. Ян XXIII. Такое багатае знаёмства з семінарыяй адбылося дзякуючы зычлівасці і асабістаму клопату генеральнага вікарыя дыяцэзіі Бэллуно. Пілігрымы пражывалі ў пастаральным цэнтры папы Лучыяні ў Альпах.

Няхай Бог благаслаўляе ўсіх дабрадзеяў, якія дбаюць пра будучыню Касцёла ў Віцебскай дыяцэзіі.

Дк. Валерый Марціноўскі

 
© 2003-2026 Catholic.by