Фэст у парафіі Святога Антонія ў Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
15.06.2012 16:00

10 чэрвеня з нагоды ўспаміну святога Антонія Падуанскага адбылася адпустовая ўрачыстасць у аднайменнай віцебскай парафіі. Нягледзячы на нязручныя ўмовы, звязаныя з перабудовай капліцы, сабралася шмат вернікаў з усіх парафій горада.

Імшу ўзначаліў кс. Андрэй  Кулік, пробашч новаўтворанай парафіі Святога Уладзіслава ў Білеве. Канцэлебравалі літургію а. Тамаш Міка OP, пробашч парафіі кс. Алег Буткевіч, а гамілію да вернікаў прамовіў кс. Вітаслаў Кардась, пробашч парафіі Святога Антонія  ў Паставах.

У гаміліі святар нагадаў, што значыць жыць па-хрысціянску, прывёўшы прыклады са штодзённага жыцця.

«Мы чытаем Біблію, сядзім у касцёле на першай лаўцы, а выходзім з касцёла і забіваем ненароджанае дзіця, уступаем у інтымныя адносіны да шлюбу, жывём без сакрамэнту сужэнства, крадзём на працы. Дык якія ж мы  хрысціяне?», — спытаў прысутных кс. Вітаслаў Кардась, прымусіўшы гэтымі словамі кожнага задумацца над сваім жыццём.

Напрыканцы святой Імшы вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі св. Антонія. Між іншым, гэты святы з’яўляецца адным з найбольш шанаваных святых у Каталіцкім Касцёле. Лічыцца апекуном закаханых, сужэнцаў, падарожных, ахоўвае ад неўраджаю і дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы.

Вольга Шыдлоўская

 
© 2003-2024 Catholic.by