Аршанцы правялі канікулы з Богам | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
23.07.2012 13:56

Менавiта пад такiм дэвiзам у чарговы раз дзеці і моладзь з парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў г. Орша мелі магчымасць адпачыць у летніку ў Польшчы. Арганізатарам адпачынку стаў польскі Ордэн Сясцёр Францішканак ад Пакуты і Любові Хрысціянскай.

Дзеці і моладзь мелі магчымасць пабываць у сапраўдным кляштары ў Орліку, на Балтыйскім моры, наведаць розныя музеі, паўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах, пазабавіцца ў аквапарку. На развітанне кожны атрымаў падарункі.

Варта адзначыць, што з моманту працы ў Оршы ксяндза Валерыя Орсіка адпачынак у летніку за мяжой практыкуецца ўжо трэці год. Дзеці маюць магчымасць адпачыць ва Украіне, у Італіі, Польшчы. На гэты раз у даездзе маладых вернікаў дапамагла сястра Марыстэла Карбаўнічак, якая працуе ў парафіі. Дадому яны вярнуліся поўныя радасці і надзеі на наступны год. Няхай Пан Бог узнагародзіць усіх, хто дапамагаў у арганізацыі летніка.

 
© 2003-2024 Catholic.by