У Варапаеве адсвяткавалі 15-годдзе асвячэння касцёла | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
31.07.2012 12:00

28 ліпеня 2012 г. парафія Святога Міхала Арханёла ў Варапаеве (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) сабрала вельмі шмат вернікаў і гасцей. Менавіта ў гэты дзень сэрца кожнага, хто прыйшоў у касцёл, перапаўняла радасць і ўдзячнасць Богу з нагоды дзвюх падзей: 25-годдзя святарства кс. пробашча Чэслава Куцмежа і 15-годдзя асвячэння касцёла.

Каб дзякаваць Богу за ўсе ласкі, якія атрымала парафія, за святыню, за людзей, якія будавалі яе, а таксама каб маліцца разам з вернікамі ў інтэнцыі пробашча, на ўрачыстасць прыбыў біскуп Уладзіслаў Блін. Прысутнічалі і святары, якія раней працавалі ў варапаеўскай парафіі, — кс. Віктар Сініцкі, кс. Казімір Акушка і духавенства з суседніх парафій.  

Перад пачаткам св. Імшы былі зачытаны імёны ўжо памерлых будаўнікоў касцёла, і ўсе прысутныя агарнулі іх малітвай. На заканчэнне літургіі пробашч кс. Чэслаў Куцмеж кожнаму будаўніку святыні, а таксама прысутным дырэктарам прадпрыемстваў, якія шмат дапамагалі пры будаўніцтве, уручыў памятную падзяку. Сярод вернікаў гучалі ўспаміны, як яны з «нічога» будавалі святыню, узгадвалі са слязьмі на вачах пра вялікую ахвярнасць людзей, пра святой памяці кс. Юзафа Бульку, які распачаў гэтую справу. У савецкі час святыні ў Варапаеве, як каталіцкая, так і праваслаўная, былі знішчаны. Але не знішчылі Бога ў чалавечым сэрцы — яны Яго захавалі, і як знак гэтага паўстала новая святыня, пабудаваная рукамі саміх вернікаў. У гаміліі біскуп Блін адзначыў, што касцёл — гэта вялікі дар, вялікая ласка Божая і высілак людзей, але кожны з прысутных чыніць яе жывой і патрэбнай.

Прагучала вельмі шмат цёплых і ўзрушлівых слоў у адрас пробашча, які святкаваў 25-ю гадавіну святарства. Ксёндз Чэслаў Куцмеж належыць да кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса. З дваццаці пяці гадоў дваццаць два гады служыць у Беларусі, акрамя Віцебскай дыяцэзіі працаваў таксама ў Гродзенскай і ў Пінскай дыяцэзіі. Віншаванні гучалі не толькі з вуснаў вернікаў варапаеўскай парафіі, але і прыбыўшых вернікаў з камайскай, лынтупскай парафій і гасцей з Ляхавіч і Сваятыч, што на Брэстчыне. Яны прыехалі, каб супольна маліцца і дзякаваць кс. Куцмежу за час, які ён працаваў з імі.  

Святарства — гэта любоў Сэрца Езуса. І менавіта гэта кс. Чэслаў Куцмеж паказвае сваім жыццём і словам і прагне перадаць гэтую любоў кожнаму, да каго пасланы.

Пасля ўрачыстасці госці былі запрошаны на святочны абед. Свята завяршылася вогнішчам, на якое была запрошана парафіяльная моладзь.

С. Марына Брылёнак

 
© 2003-2024 Catholic.by