Сэрца для Оршы: неспадзяваны канцэрт далі замежныя госці | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
06.08.2012 13:08

У першую пятніцу месяца, даючы сведчанне веры, сястра францішканка малілася ў Оршы на ружанцы. Да яе прыйшлі трое турыстаў: з Пецярбургa, Эстоніі і Італіі. Яны вельмі прагнулі ўдзельнічаць у Эўхарыстыі.

Час быў позні, вечарэла, і Імшы ў абодвух касцёлах Оршы ўжо адбыліся. Каб знайсці святара, усе разам пайшлі да капліцы парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі. Шмат працы выконваецца зараз ля капліцы ў сувязі з будаўнітцвам новай святыні, але ксёндз Валерый Орсік, пробашч парафіі, знайшоў час для турыстаў і цэлебраваў для іх літургію. Пасля Імшы за кубкам кавы доўга трывалі размовы адносна будаўніцтва касцёла, а таксама на тэмы веры і прыгажосці, укрытай у чалавеку.

А ў першую нядзелю месяца, 5 жніўня, госці падрыхтавалі неспадзяваную сустрэчу для аршанскай парафіі. Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту салістка Алена выканала класічныя творы на віяланчэлі, а маэстра Марыё Марыяні падарыў усім вернікам медалікі і ружанцы з Рыма, асвечаныя Папам. Пасля Эўхарыстыі парафіяне ўзнагародзілі гасцей гучнымі апладысментамі і запрасілі ў Оршу на наступны год. Вось такім чынам музыка ўзбагаціла і з’яднала мясцовых вернікаў і іншаземцаў у адным Паўсюдным Касцёле, які ёсць нашым домам.

 
© 2003-2024 Catholic.by