Аршанскія вернікі маліліся ля сценаў касцёла ў Смалянах | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.09.2012 15:19

Ва ўрачыстасць нараджэння Маці Божай вернікі аршанскай парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі (Віцебскай дыяцэзіі) сабраліся на малітву ля сценаў касцёла ў в. Смаляны, пабудаванага яшчэ ў XVIII cт., але цяпер занядбанага.

Праз малітву ў такім месцы людзям прапаноўвалася адбудаваць веру ў Бога. На жаль, шмат людзей яшчэ так і не спазналі Божую любоў. Абыякавасць да духоўнага жыцця, мітусня ў поспеху за матэрыяльнымі каштоўнасцямі і іншыя жыццёвыя перашкоды становяцца сэнсам жыцця чалавека. Людзі вельмі мала прысвячаюць часу на пазнанне Бога і часта, на жаль, толькі трывожныя перажыванні (нп. страта блізкага чалавека) могуць прыблізіць чалавека да Створцы.

Месцам духоўных разважанняў для вернікаў аршанскай парафіі стала вёска Смаляны. Складаліся яны з пешай пілігрымкі, малітвы Ружанца, канферэнцыі на тэму гісторыі і духоўнасці Смалянаў, а затым святая Імша пад гітары і скрыпку з працэсіяй са свечкамі. Усё гэта яшчэ больш узбагаціла ўдзельнікаў ў веры.

Смаляны — месца духоўна і культурна багатае, менавіта тут неяк інакш перажываецца навяртанне: Хрыстус запрашае нас прыйсці і праз Яго Маці, аднавіць веру ў Бога. Каталіцкая святыня ў в. Смаляны была пабудавана ў другой палове XVIII cт. пры кляштары дамініканаў.

Нягледзячы на тое, што касцёл знаходзіцца ў аварыйным стане, усё ж пасля сябе ён пакідае вельмі прыемныя ўражанні. Тоўстыя сцены, выкладзены незвычайнай цэглай, падобныя да плінфы (даўгая і шырокая цэгла, якая выкарыстоўвалася ў дамангольскі перыяд гісторыі Русі). У цэнтры касцёла знаходзіцца ўваход пад зямлю, які мясцовыя жыхары лічаць пачаткам падземнага ходу да замка. У канцы 1930 г. касцёл быў зачынены і да 1989 г. у ім і ў манастыры, знаходзіліся майстэрня і гараж мясцовага калгаса.

Касцёл з’яўляецца помнікам архітэктуры і позняга барока. Шмат іншых пабудоваў беларускага дойлідства можна спаткаць у Смалянах: руіны замка Белы Ковель, пабудаванага ў XVII ст.

Прыблізна ў той жа час, што і касцёл, была пабудавана Спаса-Прэабражэнская царква, якая ў 1930-х гадах была зачынена і выкарыстоўвалася пад вінзавод. На сённяшні дзень царква адчынена і дзейнічае. Не менш цікавай з’яўляецца Аляксееўская царква, пабудаваная ў 1864 годзе — помнік псеўдарускага стылю. Знаходзіцца ў аварыйным стане.

Можна сказаць, што пабываўшы ў Смалянах, вернікі аршанскай парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ўзбагаціліся не толькі ведамі з гісторыі, але таксама наблізіліся да Бога.

 
© 2003-2024 Catholic.by