Сёстры Францішканкі Сям’і Марыі ўшанавалі памяць свайго заснавальніка | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
21.09.2012 13:22

У Каталіцкім Касцёле здаўна існуе традыцыя ўшанавання святых. Праз іх заступніцтва вернікі заносяць свае малітвы, бо вераць, што яны прабываюць у адзінстве з самім  Стварыцелем, з Богам. Святыя — гэта людзі, якія падчас свайго зямнога жыцця, незалежна ад таго, доўгім яно было ці вельмі кароткім, сведчылі аб сапраўднай і жывой веры, бязмежна давяралі Божаму Провіду, былі чулыя на патрэбу акаляючых людзей, людской бяды. Гэта людзі, якія прамяніліся любоўю, міласэрнасцю, адвагай. Заўсёды былі гатовыя не толькі быць сапраўднымі сведкамі Хрыста і весці людзей да Яго, але і жыццё сваё аддаць за Хрыста і Яго Касцёл, а гэта значыць за кожнага, хто належыць да супольнасці дзяцей Божых, але і таксама каб з’яднаць з гэтай сям’ёй іншых, хто не ведае і не прымае праўды аб Збаўленні. Усе гэтыя рысы можна аднесці і да святога Зыгмунта Фелінскага, заснавальніка Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі.

20 верасня 2012 г. у капліцы Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія) адбылася ўрачыстая святая Імша. У малітве ўдзячнасці з’ядналіся сёстры з Варапаева і Глыбокага, таксама былі прысутныя госці з Варшавы разам з Генеральнай настаяцельніцай кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі.

Найсвяцейшую Ахвяру складалі святары, якія супрацоўнічаюць з сёстрамі. Галоўным цэлебрантам быў а. Станіслаў Памыкала, які і прамовіў гамілію да прысутных.

Падчас гаміліі а. Станіслаў шмат казаў пра асобу святога Зыгмунта, асабліва як ён бачыць яго. Звярнуў увагу на тое, якім павінен быць пастыр, каб давесці чалавека да самаго Хрыста. Святар падзяліўся сваёй думкай, што Касцёл павінен быць такой адзінай сям’ёй Марыі, як заснаваная праз св. Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага кангрэгацыя Сям’і Марыі, і што сёстры павінны быць сведкамі гэтага адзінства, узаемнай пашаны і любові для бліжніх.

Пасля святой Імшы ўсе сустрэліся на супольным абедзе, дзе ў сямейнай атмасферы размаўлялі на розныя тэмы, якія іх цікавілі. Таксама падчас урачыстасці ад глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы генеральная настаяцельніца атрымала падарунак — новыя кнігі пра Глыбоччыну і пра яе славутых людзей.

Святы Зыгмунт у гэты дзень з’яднаў усіх у адну сям’ю, што прынесла вельмі шмат радасці кожнаму прысутнаму.

А з’ядналіся ўсе ў малітве падзякі за дар святога Зыгмунта Фелінскага. Менавіта 20 верасня 1895 у Кракаве на Вавэлі адбылося пахаванне арцыбіскупа Варшаўскага Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага. Благаслаўлёным яго абвясціў 18 жніўня 2002 г. папа Ян Павел II, а святым — Бэнэдыкт XVI 11 кастрычніка 2009 г.

Праз усё сваё зямное жыццё, у якім было шмат цяжкасцей, святы Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі быў апосталам супакою і згоды між людзьмі. Быў адданы Найсвяцейшай Дзеве Марыі, з’яўляўся апекуном бедных і сірот. Працуючы ў Пецярбургу, святы Зыгмунт у 1857 г. заснаваў Кангрэгацыю Сясцёр Францішканак Сям’і Марыі, бо бачыў шмат дзяцей-сірот, якімі не было каму апекавацца. І гэтую справу ён даручыў сёстрам.

У тыя часы было вельмі цяжка заснаваць закон, бо панавала царская ўлада. Але св. Зыгмунт Фелінскі ўсё даверыў Божаму Провіду. Ён так казаў: «Калі гэта Божая справа і на гэта Божая воля, то кангрэгацыя будзе трываць, нягледзячы на розныя цяжкасці».

І вось прамінула ўжо больш за 150 гадоў існавання кангрэгацыі. Святы Зыгмунт быў чалавекам моцнай і глыбокай веры, бо, нягледзячы на цяжкасці, якія яго так часта сустракалі, ва ўсім бачыў руку самаго Бога. Ён казаў так: «Дзякую Табе, Божа, за ўсе мае слёзы, каб толькі ў іх сябе згубіў, але Цябе знайшоў», альбо «Перамяніцца ў Хрыста, стаць падобным Яму — гэта вяршыня чалавечай годнасці!».

Святы Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі, маліся за нас!

С. Марына Брылёнак

 
© 2003-2024 Catholic.by