Адпустовая ўрачыстасць у Варапаеве стала радаснай падзеяй для вернікаў | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
30.09.2012 22:16

Адпустовая ўрачыстасць звычайна вельмі чаканая падзея для ўсёй парафіі. Гэты дзень заўсёды вылучаецца нештодзённай радасцю з прысутнасці вялікай колькасці вернікаў, якіх яднае супольная малітва і Эўхарыстыя. Сама ж святая Імша адзначаецца сваёй літургічнай прыгажосцю, якая падкрэслівае важнасць гэтага асаблівага дня.

Заўсёды на фэсце прысутнічаюць шматлікія святары, якія не толькі складаюць Найсвяцейшую Ахвяру за парафіян, але і скіроўваюць слова да вернікаў. Таксама святары служаць у сакрамэнце пакаяння, каб у гэты асаблівы дзень кожны мог ачысціць сваю душу, даверыцца Божай міласэрнасці і прыняць самога Хрыста — не толькі да свайго сэрца, але і ў сваё жыццё, у сваю штодзённасць. Дазволіць Езусу ўвайсці ў сваю сям’ю, у сваю парафіяльную супольнасць і дапамагчы сапраўды па-хрысціянску адносіцца да іншых.

29 верасня 2012 г. у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Варапаеве (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) адбылася такая вельмі чаканая падзея. Шматлікія вернікі сабраліся ў святыні, каб ушанаваць свайго нябеснага апекуна — св. Міхала Арханёла. Усе прысутныя, ад маленькага да самага старэйшага, разам з святарамі з’ядналіся ў супольнай Эўхарыстыі, як адна сям’я. Напэўна, у сэрцы кожнага была свая асабістая просьба, свая падзяка за атрыманыя ласкі, але яднаў усіх сам Езус, бо сэрца кожнага было адчынена Яму. Святы Міхал Арханёл з’яўляецца абаронцам ад усялякага зла, ад подступаў сатаны, накіраваных супраць чалавека, супраць яго еднасці з самім Створцам.
 
Святую Імшу цэлебраваў кс. Вадзім Прасяной з Паставаў, разам з якім на ўрачыстасць прыехаў дыякан Даніла Мыслянцавы. У супольнай Ахвяры з’ядналіся кс. Юрый Ноцунь з Барадзеніч і мясцовы пробашч кс. Чэслаў Куцьмеж. Сакрамэнт пакаяння ўдзялялі кс. Уладзімір Заянчкоўскі з Казлоўшчыны, кс. Антоній Клімантовіч, пробашч мінскай архікатэдры, і кс. Мікалай Ліпскі з Лучая.

Гамілію прамовіў кс. Антоній Клімантовіч. У скіраваным да вернікаў слове гучала шмат пытанняў, шмат фактаў наконт нашай веры, нашага хрысціянскага жыцця. На самым пачатку святар прыпомніў, як у камуністычныя часы руйнавалі святыні, знішчалі крыжы. Прыгадаў касцёл, які быў знішчаны і ў Варапаеве. Здавалася б, прайшло шмат часу, маем рэлігійную свабоду. Дазволена маліцца… А на самой справе і зараз крыж з’яўляецца знакам ганьбы, і зараз яго знішчаюць. Бо кажуць, што крыж абмяжоўвае вольнасць чалавека, бо крыж перашкаджае жыць, як таго прагне чалавек… Ксёндз Клімантовіч прыгадаў тое, што адбылося ў Кіеве, а потым у Данецку, дзе актывісткі Femen спілавалі крыжы. Святар заклікаў прысутных задумацца: «Якая вера ў нас? Ці яна не залежыць ад сітуацыі? Ці мы не кажам сабе, што вось зараз такая сітуацыя і я мушу зманіць, абгаварыць, пасварыцца?.. А потым будзе іншая сітуацыя, і я гэтага рабіць не буду. Ці мы не з’яўляемся „веруючымі паводле сітуацыі”?»

Як падкрэсліў святар, веруючыя не могуць так чыніць, але, наадварот, павінны быць кропляй, якае дае святло іншым, хто згубіўся і шукае праўды. Па словах кс. Клімантовіча, вернікі павінны быць сапраўдным прыкладам Хрыстовага прабачэння, любові, міласэрнасці, якой не так шмат сярод людзей. Напэўна, словы сказаныя падчас Эўхарыстыі, застануцца ў памяці вернікаў і паспрыяюць перамене жыцця.

Урачыстасць завяршылася Літаніяй да святога Міхала Арханёла і працэсіяй вакол касцёла, на заканчэнне якой прагучаў гімн праслаўлення Бога. 

А што пра фэст могуць сказаць самі вернікі і святары?

Аня Шырневіч, студэнтка БНТУ:

«Фэст аб’ядноўвае вернікаў. Дае магчымасць разам радавацца, разам маліцца. Перажыванне фэсту робіць парафіяльную супольнасць больш цэласнай».


Галіна Кавалёнак, настаўніца:

«Гэта незвычайная, цудоўная падзея, калі чалавек пачынае задумвацца над сабой, над сваім жыццём. Калі сам Бог дае магчымасць распачаць „новае жыццё”, атрымаць поўнае адпушчэнне грахоў праз сакрамэнт споведзі».


Кс. Чэслаў Куцьмеж SCJ, пробашч парафіі ў Варапаеве:

«Фэст заўсёды лучыцца з задумай над сабой, аднаўленнем і ажыўленнем веры. Дае новы падыход да ўласнага жыцця і тых, хто вакол нас: сваіх родных, сяброў і суседзяў. Фэст павінен прыносіць адухаўленне».


Лена Шчасная, студэнтка БДУ:

«Фэст яднае ўсіх у малітве і веры, прыносіць святочны настрой і радасць у сэрцы. Дае натхненне Духа Святога, поўнае адпушчэнне грахоў і яднае людзей у адзіную супольнасць».

С. Марына Брылёнак

 
© 2003-2024 Catholic.by