Вернікі ў Пятроўшчыне ўшанавалі св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езус | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.10.2012 10:28

1 кастрычніка 2012 г. у вёсцы Пятроўшчына, што належыць да ўдзелаўскай парафіі айцоў францішканаў (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) сабраліся вернікі, як мясцовыя, так і з суседніх вёсак, каб ушанаваць сваю нябесную апякунку — святую Тэрэзу ад Дзіцятка Езус. На ўрачыстасць прыбылі таксама сёстры францішканкі Сям’і Марыі з Глыбокага.

Менавіта ў гэты дзень увесь Каталіцкі Касцёл успамінае святую ў літургіі. Тэрэза ад Дзіцятка Езус — гэта святая, постаццю якой многія захапляюцца. Захапляюцца яе прастатой, яе бязмежным прагненнем несці Хрыста ўсім людзям. І ўсё гэта яна рабіла незвычайным спосабам, бо чыніла гэта праз малітву. І таму менавіта супольная малітва з’яднала ў гэты дзень вернікаў Пятроўшчыны.

Перад распачаццем святочнай Эўхарыстыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама споведзь.

Святую Ахвяру складалі кс. Аляксей Юркайць з Мосара і а. Ян Хернек з Удзела. На самым пачатку літургіі пробашч парафіі а. Яраслаў Банасяк скіраваў словы ўдзячнасці да ўсіх прысутных у капліцы і сардэчна іх прывітаў. Святар прыгадаў таксама аб пакліканнях з гэтай вёскі і з гэтай парафіі. Пятроўшчына хоць і невялікая, але з яе паходзяць чатыры сястры законныя: эўхарыстка сястра Наталля Раманчук і яшчэ тры сястры францішканкі Сям’і Марыі. Дзве з іх працуюць зараз у Глыбокім — гэта с. Ганна Тарасёнак і с. Марына Раманчук, а с. Ірына Раманчук працуе ў Рыме. Айцец Банасяк адзначыў, што, напэўна, у пакліканні гэтых сясцёр важную ролю мела і постаць св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус.

У гаміліі, якую прамовіў кс. Аляксей Юркайць, вернікам быў прыбліжаны гістарычны нарыс жыцця святой. Таксама святар звярнуў увагу на тое, што кожны з нас мае сваё жыццёвае пакліканне, якое павінен знайсці і добра зразумець. Ксёндз Юркайць казаў і аб адказнасці ўсіх хрысціян евангелізаваць — гэта значыць несці Хрыста кожнаму, перадаваць Яго праўду малодшым пакаленням. Таксама святар заахвочваў вернікаў да ўзаемнай малітвы. Шмат слоў прагучала, але, напэўна, у сэрцы кожнага з прысутных засталося тое, што датычыла асабіста яго.

На заканчэнне было ўдзелена благаслаўленне, і ўсе яшчэ раз з’ядналіся ў супольнай малітве за Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

C. Марына Брылёнак

 
© 2003-2024 Catholic.by