Падарункі ад святога Мікалая, ці як 6 снежня ў Глыбокім стаў казачным днём | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.12.2012 17:06
Кожны перажывае свята па-свойму, аднак па-сапраўднаму яго можна адчуць толькі разам з іншымі вернікамі. Менавіта так, вялікай сям’ёй, ушаноўвалі святога Мікалая парафіяне касцёла Найсвяцейшай Тройцы, што ў Глыбокім.
 
Святога Мікалая, славутасць якому прынеслі яго незвычайная дабрыня і гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу бліжнім, Касцёл ушаноўвае 6 снежня. Гэтага святога часта называюць цудатворным і лічаць вялікім сябрам дзяцей. Напэўна, таму так многа дзетак прысутнічала ў той святочны, чароўны вечар на Імшы ў глыбоцкім касцёле.
 
А рыхтаваліся да яго загаддзя: «пасланцы», якіх у глыбоцкай парафіі набаралося каля сотні, занеслі ўсім вернікам лісты «Крыніца жыцця» з запрашэннем на святую Імшу, а парафіяльны «Карытас» і ўсе парафіяне паклапаціліся аб тым, каб святы Мікалай завітаў у госці не з пустымі рукамі. Над рэалізацыяй парафіяльнай падзеі шмат папрацавала ініцыятыўная група вернікаў іншага мікрараёна горада.
 
Праграма свята пачалася літургіяй, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Мечыслаў Янчышын. Святар звярнуўся да вернікаў з заклікам упадобіцца святому Мікалаю і чыніць добрыя і міласэрныя справы, чыніць іх бескарысліва, на хвалу Божую.
 
Працэсія з дарамі да алтара, малітва вернікаў з просьбамі да Бога, радасныя спевы моладзі — усё было ўзвышана і надзвычай прыгожа. Гэта быў час супольнай радасці, які падарыў усім прысутным шмат станоўчых эмоцый. Святы Мікалай з’яднаў вернікаў у адну вялікую сям’ю, узбагачаючы іх сэрцы міласэрнасцю і любоўю.

Разам з дарослымі ўзносілі свае малітвы да Бога дзеці. І ў сэрцы кожнага маленькага верніка ўзмацнялася ўпэўненасць у тым, што добры Бог учыніць сёння цуд, і святы Мікалай абавязкова загляне ў глыбоцкі касцёл, дзе яго так чакаюць. І цуд здарыўся: па заканчэнні святой Імшы ў госці да глыбоцкіх парафіян прыйшоў… святы Мікалай. І зусім не важна, што ён быў вельмі падобным на айца Станіслава Памыкалы. Важна, што ён аказаўся такім добрым, вясёлым і вельмі шчодрым на падарункі. Прысмакаў хапіла ўсім дзецям. Напрыканцы ўрачыстасці адбыўся сімвалічны жэст дзялення хлебам на знак таго, як рабіў гэта святы Мікалай.
 
Свята ўдалося, і ў гэтым вялікая заслуга пробашча Мечыслава Янчышына і айца Станіслава Памыкалы, якія вельмі шмат робяць для таго, каб духоўна з’яднаць парафіяльную супольнасць.
 
На ўспамін парафіяльнай падзеі, якая ладзілася 6 снежня ў глыбоцкім касцёле Найсвяцейшай Тройцы, кожны прысутны атрымаў абразік з выявай святога Мікалая з малітвай да яго і просьбай быць апекуном і дапамагчы быць верным слугой Богу.
 
Рэгіна Марцынкевіч
 
© 2003-2024 Catholic.by