«Мікалайкі» ў Лучаі атрымаліся на славу | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.12.2012 16:46
9 снежня ў Лучаі святкавалі «Мікалайкі». У касцёле прысутнічалі не толькі вернікі, але і ганаровыя госці — здымачная група Белтэлерадыёкампаніі, вядомы бард з Гродна Віктар Шалкевіч і нават святы Мікалай. Урачыстую Імшу правёў пробашч кс. Мікалай Ліпскі. Святар расказаў парафіянам пра жыццё і дзейнасць свайго анёла-ахоўніка, аднаго з найбольш шанаваных заступнікаў хрысціян.
 
Святы Мікалай нарадзіўся прыблізна ў 270-м годзе на тэрыторыі сучаснай Турцыі. З малых гадоў ён прысвяціў сябе служэнню Богу, пасля стаў епіскапам горада Міры. У часы ганенняў на хрысціян Мікалай быў заключаны у турму, дзе правёў цэлых восем гадоў. Нягледзячы на катаванні, працягваў прапаведваць хрысціянства. Толькі пасля прыходу да ўлады імператара Канстанціна біскуп зноў стаў кіраваць сваёй паствай.  Быў ён і ўдзельнікам першага Сусветнага Сабору, які праходзіў у 325 годзе ў Нікеі. З гістарычных крыніц вядома, што епіскап Мікалай выступіў абаронцам трох несправядліва прыгавораных да смерці візантыйцаў. 
 
Пра іншыя добрыя справы святога ў народе складзены паданні, якія перадаюцца з пакаленняў у пакаленні. Яны расказваюць пра тое, як Мікалай дапамагаў бедным і абяздоленым, а дзецям падкідваў манеткі і ежу ў выстаўленыя за дзверы боцікі. Яшчэ адна легенда апавядае, як ён дапамог беднай дзяўчыне выйсці замуж за каханага, даўшы ёй грошы на пасаг. 
 
У X стагоддзі ў Кёльнскім саборы ў дзень памяці святога Мікалая (6 снежня) вучням царкоўнай школы пачалі раздаваць салодкія пачастункі. А пазней у Германіі ў дамах сталі вывешваць боцікі і панчошкі для таго, каб святы паклаў туды падарункі дзецям. Гэтыя традыцыі хутка распаўсюдзіліся па Еўропе. 

Паслухмяных дзетак святы Мікалай не пакідае без прэзентаў. У гэтым у нядзелю пераканаліся і маленькія вернікі лучайскай парафіі. Яны атрымалі салодкія падарункі ад святога, які завітаў у касцёл у кампаніі златакрылых анёлаў. Здзіўленыя дзіцячыя погляды і шчырыя ўсмешкі было не злічыць!
 
Дарослым дадало настрою жывое, эмацыйнае, прасякнутае тонкім пачуццём гумару выступленне барда Віктара Шалкевіча. Перад вернікамі выступілі і лучайцы — у вершаванай форме яны павіншавалі з імянінамі ксяндза Мікалая Ліпскага, пажадаўшы яму Божага благаслаўлення для далейшых спраў.
 
На святой Імшы прысутнічалі таксама пілігрымы з Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёнаў, якім сёлета пашчасціла пабываць ля мошчаў св. Мікалая ў Бары. 
 
Іна Сняжкова
 
© 2003-2024 Catholic.by