Калядная сустрэча душпастыраў Віцебшчыны стала святам вялікай супольнасці | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
13.12.2012 14:40

Яшчэ 13 гадоў таму каталіцкія парафіі Беларусі аб’ядноўваліся толькі ў тры дыяцэзіі — Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію, Пінскую і Гродзенскую дыяцэзіі. У 1999 годзе была заснавана яшчэ адна, якая тэрытарыяльна ахапіла ўсю Віцебскую вобласць.

Тады каталіцкая супольнасць паўночнай Беларусі была небагатая на душпастыраў, ды і жыццё католікаў на Віцебшчыне было не такім актыўным.

12 снежня, падчас каляднай душпастырскай сустрэчы ў Полацку, біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, які ўзначальвае дыяцэзію ад самага яе заснавання, выказаў сваю радасць з таго, што цяпер служэнне на Віцебшчыне нясуць шматлікія святары, законныя сёстры, а вернікі адзначаюцца жывой верай. «Вельмі цешыць не толькі колькасць, але і „якасць“ нашых вернікаў. Трэба дзякаваць за гэта Богу», — дадаў іерарх.

Напрыканцы сустрэчы ў гэтай вялікай супольнасці адбылося дзяленне аплаткай — святары і законныя сёстры складалі адно аднаму святочныя віншаванні з нагоды надыходзячых святаў Божага Нараджэння.

Аляксандра Шчыглінская

 
© 2003-2024 Catholic.by