«Польскі карнавал» у Віцебску: Апостальскі Нунцый звярнуўся да ўдзельнікаў на польскай мове | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.02.2013 08:39

3 лютага ў Віцебску адбыўся «Польскі карнавал», на якім сабраліся дзеці, моладзь і дарослыя вернікі — як тыя, чыё паходжанне звязана з Польшчай, так і ўсе астатнія. У карнавале ўдзельнічалі і студэнты са Шры-Ланкі, якія актыўна ўключаюцца ў жыццё мясцовага Касцёла. Па запрашэнні біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна на свята прыбыў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

На свяце прысутнічалі і іншыя шаноўныя госці, сярод якіх былі прадстаўнікі консульства Польшчы ў Мінску — консул Славамір Зубрыцкі і консул Яцэк Саберальскі, а таксама духавенства з Мінска, Мёраў і Віцебска.

Першы хрысціянскі карнавал адбыўся на рубяжы Х–ХІ стст. у Італіі. Легенда кажа, што гэта было звязана са страхам перад канцом свету, які нібыта павінен быў прыйсці з канцом 1000 года. Калі ж гэтага не адбылося, людзей ахапіла радасць. Як і многія іншыя язычніцкія звычаі, карнавальная традыцыя была адаптавана хрысціянствам. Для карнавалаў былі характэрныя каляровыя касцюмы і маскі, кожны ўдзельнік такога свята рабіўся непазнавальным. Падчас карнавалу людзі весяліліся, каб пасля ў пакоры, як супольнасць веруючых, распачаць пост. Карнавал своеасаблівым чынам паказваў свет у крывым люстэрку, смяяўся з яго.

Віцебскі карнавал распачаўся незвычайна — святой Імшой. Літургію ўзначаліў Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Касцёл быў напоўнены дзецьмі і моладдзю, якія прыйшлі славіць Бога і дзякаваць Яму праз малітву і забаву за справы стварэння і за ўсё, што кожны дзень атрымліваюць з Яго шчодрай рукі. З нагоды таго, што карнавал называўся «польскім», прадстаўнік Святога Айца пачаў гамілію на польскай мове, чым многія прысутныя былі вельмі ўзрушаны. На роднай мове благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ Апостальскі Нунцый пажадаў усім добрага святкавання і перадаў віншаванні ад папы Бэнэдыкта XVI.

Падчас гаміліі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці ўдалося ўсталяваць добры кантакт з дзецьмі. Іерарх прапанаваў, звяртаючыся да ўдзельнікаў, думаць так, як думаюць дзеці. Арцыбіскуп нагадаў аб шматлікіх чаканнях бацькоў, якія клапоцяцца, каб іх дзіця вырасла і мела добрую працу, становішча і павагу ў грамадстве. Бацькі, па словах Нунцыя, чакаюць вельмі многага ад дзяцей, — а калі яны разводзяцца і сям’я распадаецца, то губляецца надзея. Як дадаў арцыбіскуп, усе мары, якія ёсць у сям’і, знікаюць тады, калі знікае любоў, бо без любові не можа быць нічога іншага.

Звяртаючыся да бацькоў, Апостальскі Нунцый нагадаў ім пра абавязак выхавання дзяцей і заахвоціў да вялікай любові — бо пры такой любові ў доме будзе панаваць шчасце нават тады, калі не будзе вялікага матэрыяльнага багацця. «Часта мы стараемся даць дзецям усё магчымае і немагчымае і забываемся, што смак усяму гэтаму надае любоў, — адзначыў прадстаўнік Папы. — Не забывайце часта спазіраць у вочы дзяцей, бо гэта вочы найбольш падобныя да Божых». Арцыбіскуп папрасіў бацькоў глядзець на дзяцей як на нешта асабліва важнае ў жыцці.

Дзецям Апостальскі Нунцый сказаў, што іх лепшым сябрам павінен быць Езус Хрыстус, і пажадаў ім заўсёды адчуваць побач Яго блізкасць, бо Ён глядзіць на кожнае дзіця з вялікай любоўю і ніколі не здрадзіць. Таксама арцыбіскуп нагадаў маленькім вернікам пра нядзельную Эўхарыстыю, адзначыўшы: «Калі прыходзіце ў нядзелю ў касцёл, рабіце гэта не таму, што так трэба, але таму, што тут вас чакае найлепшы Сябар. Калі ж вас тут няма, Ён адчувае сябе вельмі кепска і пытаецца: чаму іх няма сёння?» Прадстаўнік Святога Айца папрасіў дзяцей паабяцаць, што яны ніколі не забудуць пра свайго Сябра Езуса, бо толькі з Ім будуць шчаслівымі.

Пасля літургіі распачаўся карнавал. Дзве залы ў душпастырскім цэнтры ледзь умясцілі ўсіх жадаючых прыняць удзел у гэтай нештодзённай падзеі. Вельмі прыгожыя і арыгінальныя касцюмы, маскі, расфарбаваныя твары — усё гэта дадало радасці атмасферы свята. Многія дзеці казалі, што падрыхтаваць касцюм ім дапамагла мама. Былі і тыя, хто самастойна стварыў сабе непаўторны вобраз. Акрамя дзяцей і моладзі, у карнавальных касцюмах былі і дарослыя, — напрыклад, чалавек ва ўбранні доктара жадаў такім чынам паказаць дзецям, што кожны ўрач хоча дапамагчы хвораму чалавеку, бо менавіта дзеці часта баяцца хадзіць да дактароў.

Шмат радасці дзецям і моладзі прынеслі гульні і забавы, якія праводзілі «анёлы». На свята прыбылі таксама «кароль» і «каралева». Спевам, гульням і танцам, здавалася, не будзе канца.

Праз забавы дзеці і моладзь імкнуліся дзякаваць Богу за сваіх бацькоў, школу, дом, сяброў. Усведамляючы, што ёсць час на радасць і на сум, яны разумелі і тое, што Панам часу з’яўляецца Хрыстус, які, як казаў у гаміліі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, ёсць іх найлепшым сябрам, які жадае ім толькі дабра і міру.

Кс. Юрый Марціновіч 

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by