У Віцебску ў Трэці Дамініканскі Ордэн прыняты чатыры навіцыі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
11.12.2013 11:19

7 снежня ў віцебскай парафіі Св. Барбары ў Трэці Дамініканскі Ордэн былі прыняты чатыры навіцыі: с. Калюмба OPs (Вікторыя Навасад), с. Агнешка OPs (Кацярына Ягела), с. Ружа OPs (Ірына Кузняцова), с. Дыяна OPs (Марыя Шыцікава).

Для ўсіх членаў Фратэрні імя Святой Тройцы гэта значная падзея, бо з кожным годам супольнасць расце і дае плён: пашырэнне і ажыццяўленне Божага слова ў штодзённым жыцці свецкага чалавека.

Трэці Ордэн св. Дамініка ў Беларусі ўжо налічвае 4 браты і 16 сясцёр, у тым ліку 1 брата і 6 сясцёр, якія склалі вечныя абяцанні жыць паводле Рэгулы, згодна з харызматам Ордэну Свецкіх.

Святую Імшу цэлебраваў а. Раман Шульц ОР, асістэнт Фратэрні імя Святой Тройцы. У гаміліі святар узгадаў, што словы Хрыста “жніво вялікае, а работнікаў мала” маюць дачыненне не толькі да святароў ці законных сясцёр, але і да кожнага хрысціяніна, які сваім жыццёвым прыкладам, светапоглядам і дзеяннямі можа змяняць навакольны свет. Айцец Раман Шульц падкрэсліў таксама значэнне вучэння Папы Францішка аб радасці, якую хрысціянін павінен несці ў свет, запальваючы сэрцы ўсіх, хто знаходзіцца побач.

Навіцыі склалі прысягі на рукі намесніцы настаяцельніцы с. Маргарыце OPs і айцу асістэнту Раману Шульцу, у прысутнасці магістра навіцыяту брата Дамініка OРs.

С. Рэгіна Гасанна Атрашкевіч OPs, AG

 
© 2003-2024 Catholic.by