Біскуп намінат Алег Буткевіч узначаліў сустрэчу духавенства Віцебскай дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.12.2013 23:23

12 снежня ў парафіі Св. Андрэя Баболі ў Полацку адбылася аплатковая сустрэча духавенства Віцебскай дыяцэзіі. Сустрэчу ўзначаліў біскуп намінат Алег Буткевіч.

Удзел прынялі таксама Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і грэка-каталіцкае духавенства.

Сустрэча адначасова мела характар пастырскай сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў дыяцэзіі, таму ў праграме была адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Урачыстую Імшу ў інтэнцыі духавенства і вернікаў дыяцэзіі ўзначаліў біскуп намінат Алег Буткевіч. “Паўтару словы, якія сказаў у дзень, калі было абвешчана рашэнне Святога Айца прызначыць мяне біскупам Віцебскім: я ніколі не меў намеру або жадання быць кімсьці вышэйшым сярод вас або нават першым. Але я згадзіўся на гэтую функцыю дзеля служэння – служэння гэтай дыяцэзіі, перадусім служэння вам. І, можа, няхай першым крокам, выразам гэтага служэння будзе гэтая Эўхарыстыя, якую сёння складаю ў вашай інтэнцыі, просячы Бога аб патрэбных ласках, аб благаслаўленні і моцы для вас у вашай душпастырскай дзейнасці і ў вашым жыцці”, - сказаў біскуп намінат, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы.

Гамілію падчас Імшы прамовіў а. Станіслаў Памыкала SJ. Святар нагадаў аб важнасці прэзбітэрыя ў жыцці душпастыра: “Калі мы не маем прэзбітэрыя, нам не хапае мудрасці і сілы. Божая мудрасць і Божая сіла – ад Хрыста, і калі мы адмаўляемся ад Хрыста – становімся слабымі і дурнымі”. “Без прэзбітэрыя ніводзін з нас не можа быць сапраўдным святаром, - падкрэсліў а. Станіслаў Памыкала. - І мы павінны рабіць усё, каб наш прэзбітэрый быў моцным”.

Напрыканцы Імшы біскуп намінат Алег Буткевіч запрасіў усіх прысутных святароў і кансэкраваных асобаў на сваё біскупскае пасвячэнне, а таксама выказаў вялікую падзяку за малітву ў яго інтэнцыі. “Я не ўспрымаю сваё прызначэнне як нейкі асабісты гонар – гэта служэнне, служэнне дзеля нашай агульнай справы – будавання Касцёла тут, на зямлі, і Божага Валадарства”, - сказаў біскуп намінат і папрасіў аб далейшай малітве.

Удзельнікі падзяліліся аплаткамі і выказалі адзін аднаму пажаданні на будучыя святы. Шматлікія віншаванні і добрыя словы пачуў ад духавенства і законных сясцёр біскуп намінат, у сваю чаргу падзякаваўшы прысутным. Працягам сустрэчы сталі размовы і супольны пачастунак.

Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан

 
© 2003-2024 Catholic.by