У рамках дзейнасці культурна-рэлігійнага цэнтра пры катэдры ў Віцебску адбылася экскурсія па адметных мясцінах горада | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
16.06.2014 14:01

У адпаведнасці з планам працы культурна-рэлігійнага цэнтра пры катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася экскурсія па адметных мясцінах горада. Яе пачаткам стала наведванне адной з самых старых з наяўных у абласным цэнтры каталіцкіх святыняў – касцёла святой Барбары.

Пра гісторыю храма, перыпетыі яго лёсу, дзень сённяшні распавёў удзельнікам экскурсіі пробашч парафіяльнай супольнасці касцёла а. Крыштаф Коцян ОР.

Другім пунктам маршруту сталі Старасямёнаўскія могілкі, дзе побач з фрагментам цаглянай брамы ХІХ стагоддзя сёння месціцца сімвалічная магіла пахаванай дзесьці ў лютэранскай частцы кладоў Дарты Пліекшан, маці класіка латышскай літаратуры Яна Райніса, голас якога неаднойчы гучаў у Латвіі ў 20-я гады ў абарону правоў беларускай нацыянальнай меншасці і чый прыезд у 1926 годзе ў Віцебск на адкрыццё БДТ-2 (цяпер тэатр імя Якуба Коласа) яскрава засведчыў прыхільнасць знакамітага латыша да Беларусі. Пра ўсё гэта і пра іншыя адметныя куткі самых старых у горадзе могілак распавялі прысутным былы дырэктар Віцебскага літаратурнага музея Святлана Казлова і пісьменнік Франц Сіўко.

Самай змястоўнай у праграме экскурсіі стала вандроўка па цэнтры Віцебска, якую правёў захоплены мінуўшчынай і хараством родных краявідаў чалавек, шматгадовы старшыня гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы Валянцін Арлоў. Яго шчодра ілюстраваны фотаздымкамі аповед пра касцёлы, цэрквы, сінагогі горада, даўнейшыя і сённяшнія, адлюстраваў не толькі верацярпімасць многіх пакаленняў віцяблянаў, але і іх здольнасць да аднаўлення веры, адраджэння хрысціянскіх каштоўнасцяў.       
   
Зміцер Шыловіч, AG

 

Падчас экскурсіі


Памятны знак на сімвалічнай магіле Дарты Пліекшан

 

 
© 2003-2024 Catholic.by