У адной са старэйшых святыняў Беларусі асвяцілі адноўленыя фрэскі | | Друк | |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
19.10.2015 20:37 |
18 кастрычніка жыццё камайскай парафіі Святога Яна Хрысціцеля (Віцебская дыяцэзія) было насычана радаснымі падзеямі: сакрамэнт канфірмацыі, асвячэнне адноўленых фрэсак больш чым чатырохсотгадовай святыні, а таксама сустрэча кола інтэлігенцыі, якое займаецца пашырэннем ведаў пра святара і паэта пачатку ХХ стагоддзя Канстанціна Стаповіча, вядомага пад псеўданімам Казіміра Сваяка. Святую Імшу, якой пачалося свята ў Камаях, узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Cакрамэнт канфірмацыі, які быў удзелены вернікам камайскай парафіі і які прымалі не толькі прадстаўнікі моладзі, але і асобы больш сталага веку, некаторыя з якіх ужо знаходзяцца на пенсійным адпачынку, стаў духоўным і галоўным аздабленнем святыні. У гэты ж дзень былі асвечаны не толькі сэрцы вернікаў парафіі, але і сцены, аздобленыя адноўленымі фрэскамі, аб падрыхтоўцы якіх, як добры гаспадар, клапаціўся пробашч парафіі кс. Яцэк Хутман. «Паглядзіце на прыгажосць гэтай святыні, — звярнуўся да прысутных біскуп Алег Буткевіч падчас гаміліі, — яе хараство павінна нагадваць усім нам пра тое, якой павінна быць наша душа». Для душы галоўным і самым важным, як падкрэсліў іерарх, з’яўляецца адчуваць прагненне Бога. У бакавой капліцы, сцены якой і асвячаў біскуп, яшчэ нічога няма апрача прыгажосці сценаў і чысціні, і, напэўна, таму адразу звяртаеш увагу на аздобу: гербы, выявы апосталаў і шмат святла, якое не скрадае мэбля і іншыя прадметы. Адчуванне лёгкасці і жаданне прабываць тут; магчыма, таму сюды час ад часу забягалі дзеці.
У асноўнай жа частцы касцёла, якое, як лона, збірае ўсіх вернікаў перад алтаром, з левага боку размешчаны абраз мастака Альфрэда Ромера, дзе Езус абдымае дзіця (назва «Хрыстус і сірата»). Мастак Алесь Цыркуноў, які прыбыў у гэты дзень у Камаі, падзяліўся думкамі: «Глядзіце, калі прыбраць ад галавы Хрыста ззянне, німб, то перад намі будзе звычайны мужчына, які абдымае дзіця, і ўсё гэта сімвалічна…» Алесь Цыркуноў параўнаў гэты сюжэт з сустрэчай будучыні і цяперашнасці, пераводзячы погляд то на жырандоль, то на фігуру бл. Ежы Папялушкі… Мастак Алесь Цыркуноў Пасля Імшы на плябаніі, у зале, дзе адразу на сценах заўважыш і фотаздымак паэта Казіміра Сваяка, і абраз бл. Ежы Папялушкі, і выяву Францішка Скарыны, падораную вядомым беларускім даследчыкам Адамам Мальдзісам, адбылася сустрэча, прысвечаная кс. Канстаціну Стаповічу. Прэзентацыя «Усе яго дарогі вялі да алтара», слова ад краязнаўцы, аднаго з першых даследчыкаў жыцця і творчасці Сваяка Івана Драўніцкага з Мядзельшчыны; слова мастака Алеся Цыркунова, які напісаў партрэт святара-паэта; выступ Генавефы Дубіловіч і Яніны Сінкевіч, парафіянак з Камаяў — усё гэта пачало запаўняць прастору сабраных. Музычны блок сустрэчы склаў выступ гурта «Балцкі Субстрат», аўтарам і кіраўніком якога з’яўляецца Максім Іўкін. Удзельнікі гурта акрамя спеваў падрыхтавалі віктарыну, якая тычылася жыццёвага і творчага шляху Казіміра Сваяка. Па просьбе прысутных у межах віктарыны Максім Іўкін прачытаў верш Сваяка пра звон у Жодзішках, які быў вывезены з-за беларускамоўных казанняў, што паступова пачыналі гучаць дзякуючы такім святарам-адраджэнцам, як Казімір Сваяк, Адам Станкевіч, Вінцук Гадлеўскі і іншым з кагорты нацыянальна свядомага духавенства пачатку ХХ стагоддзя. Падчас сустрэчы прагучала шмат вершаў, якія ахвотна слухалі і над якімі задумёна разважалі. Напрыклад, Яніна Сінкевіч разам з прачытаннем верша Сваяка «Грэшніца» распавяла пра гісторыю свайго навяртання. Напрыканцы сустрэчы была праведзена дыктоўка, падчас якой Святлана Буланава, якая працуе галоўным бухгалтарам Кемелішскага лясніцтва і вядзе актыўныя краязнаўчыя пошукі, як настаўніца паўтарала словы, што прыкладна ў такі час, як зараз, толькі сто гадоў таму, скіроўваў Казімір Сваяк да сваіх сучаснікаў, асабліва да святароў, а зараз скіроўвае і да нас: «Благаслаўляю час, у каторым мы аглянуліся і зразумелі пекнасць, хараство мовы роднае… узяліся ўвесці ў паўсюднае жыццё сваё, пачынаючы ад найменшага...» Аксана Ючкавіч |