У Наваполацку ўшанавалі рэліквіі бл. Цэліны Бажэнцкай | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
27.10.2015 11:57

26 кастрычніка, у 102-ю гадавіну смерці бл. Цэліны Бажэнцкай, вернікі парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку падчас святой Імшы ўшанавалі рэліквіі благаслаўлёнай.

Месца ўшанавання было невыпадковым: у Наваполацку працуюць законніцы з супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстанак, заснавальніцай якой была благаслаўлёная.

Цэліна Бажэнцкая нарадзілася ў 1833 г. на Віцебшчыне – у Антавілі каля Оршы. Маладосць правяла ў Лесеавічах, каля Шуміліна. Пасля шлюбу з Юзафам Бажэнцкім пасялілася ў Абрэмшчыне на Гродзеншчыне. У Рыме заснавала супольнасць Сясцёр Змёртвыхпаўстанак.

Постаць бл. Цэліны паказвае, што Дух Святы рознымі дарогамі вядзе да сябе і на кожнай дарозе хоча асвяціць чалавека. Маці Цэліна прайшла праз жыццё як маладая дзяўчына, жонка, маці, удава, цёшча, бабуля і нарэшце – законніца, на кожным этапе свайго жыцця стараючыся выканаць Божую волю.

Кожны чалавек, які шукае волю Божую, па прыкладзе бл. Цэліны можа знайсці для сябе ўзор гэтага пошуку. 

Варта пажадаць, каб яе постаць натхняла людзей кожную хвіліну сваёй штодзённасці перажываць дзеля Божай хвалы.

С. Марыя Магдалена Дзевульска CR (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by