У віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага была арганізавана анімацыя святога Ружанца | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.11.2015 13:12

У кастрычніку ў віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага па ініцыятыве сясцёр служабнічак была арганізавана анімацыя святога Ружанца.

Кожную сераду перад вячэрняй святой Імшой малітву Ружанца праводзілі дзеці. Тэатралізаванае прадстаўленне Ружанца было незвычайным і прывабным. Дзеці вельмі стараліся, іх настаўнікі с. Ёнаша, с. Люцына і с. Крысціяна былі задаволены сваімі вучнямі. Радаваліся за дзяцей іх родныя і іншыя вернікі, якія прымалі ўдзел у малітве.


25 кастрычніка пасля Імшы з удзелам дзяцей у касцёльнай кавярні быў арганізаваны конкурс на лепшае веданне Ружанца. Самыя маленькія дзеці размалёўвалі карцінкі-размалёўкі на тэму Ружанца, а старэйшыя адказвалі на пытанні анкеты. Родныя канкурсантаў дапамагалі ім.  

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які завітаў у кавярню, пацікавіўся справамі канкурсантаў і пажадаў ім поспехаў.

1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, напрыканцы Імшы з удзелам дзяцей былі падведзены вынікі конкурсу. Самымі лепшымі працамі былі прызнаны малюнкі Паліны Блізнюк, Вікі Бароўка і Ядвігі Асіпенка. Лепш за ўсіх на пытанні анкеты адказалі Каця Кузьміч і Аня Абламунец. Таксама ўсе астатнія ўдзельнікі конкурсу не засталіся без унагарод.

Пасля Імшы дзеці са сваімі роднымі скiраваліся ў касцёльную кавярню, дзе іх чакалі пачастункі.

Анатоль Бандарчук-Вошлаў, (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by