Біскуп Алег Буткевіч абвясціў пра новыя прызначэнні на сустрэчы духавенства дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
12.11.2015 12:16

11 лістапада ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага ў Паставах адбылася пастырская сустрэча біскупа Віцебскага Алега Буткевіча са святарамі, законнымі братамі і сёстрамі Віцебскай дыяцэзіі.

Падчас сустрэчы стала вядома пра новыя прызначэнні ў дыяцэзіі. Ксёндз Юрый Жаўняровіч прызначаны вікарыем у парафію Унебаўзяцца Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Язафата Кунцэвіча ў Мёрах, сястра Наталля Емяльянава ZSJM прызначана натарыусам Біскупскага суда, ксёндз Мікалай Ціхановіч прызначаны дэканам Глыбоцкага дэканату.

Сустрэча пачалася гадзінай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.

У гаміліі айцец Станіслаў Памыкала SJ звярнуў увагу на асобу святога Язафата Кунцэвіча, галоўнага апекуна Віцебскай дыяцэзіі, успамін якога 12 лістапада адзначаюць у парафіях. Святар нагадаў, што пасля смерці гэтага святога многія навярнуліся, у тым ліку зацяты праціўнік яднання з Каталіцкім Касцёлам біскуп Мялецій Сматрыцкі.

«Мы маем вялікую ласку заступніцтва святога Язафата. Пралітая кроў мучаніка — гэта задатак новага жыцця, і кожны павінен сур’ёзна ўспрымаць выклік таго жыцця, якім жыў святы біскуп», — адзначыў святар.

Зараз, дадаў айцец Станіслаў Памыкала, хрысціяне адказныя перад гісторыяй, Богам і людзьмі за падзеі ў свеце, яны павінны быць адзінымі ў Святым Духу, каб сведчыць перад усім светам пра Хрыста нават сваім мучаніцтвам.

Пасля Імшы прысутныя былі азнаёмлены з намінацыямі, бліжэйшымі планамі і падзеямі ў дыяцэзіі. Штомесячны дзень духоўных сустрэч святароў і законных сясцёр завяршыўся супольным абедам.

Аляксандр Гелагаеў

 
© 2003-2024 Catholic.by