Імша падзякі парафіянам і пасвячэнне ў міністранты ў Параф'янаве: «Быць годнымі слугамі Валадара» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
23.11.2015 21:36

Слова пра сумленне і сумленнасць, годнасць быць міністрантам пры алтары Пана і дар Божай міласэрнасці прамовіў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч да вернікаў параф'янаўскай парафіі 22 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

У гэты дзень падчас святой Імшы ў парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф'янаве шэсць хлопцаў-кандыдатаў атрымалі з рук біскупа Алега Буткевіча комжы, пакінуўшы свае белыя і сціплыя стужкі для новых кандыдатаў. Таксама два міністранты атрымалі благаслаўленне быць лектарамі пры Хрыстовым алтары.

Годныя слугі алтара Пана

«Служба пры алтары — гэта служба Езусу, які прыйшоў, каб быць з намі. Ганарыцеся, што Бог кліча вас да сваёй выключнай службы», — сказаў хлопцам біскуп у гаміліі, заклікаўшы іх памятаць, што міністрант — гэта той, хто служыць.

І міністр, і міністрант — адзін і той жа корань, які азначае «слугу».


«Будзьце прыкладам!» — заахвоціў іерарх, разам з тым просячы ўсіх астатніх парафіян маліцца за «слугаў алтара», пачынаючы ад міністрантаў і заканчваючы біскупамі.

Таксама, звяртаючыся да ўсіх прысутных вернікаў, біскуп засяродзіў увагу на тэме сумленнасці.


Сумленнасць чалавека не з'яўляецца суб'ектыўнай, як адзначыў іерарх, але паходзіць ад Праўды. «Той, хто жыве ў Праўдзе, слухае Хрыстовы голас», — нагадаў біскуп словы Евангелля.

Разважаючы пра Праўду, віцебскі ардынарый звярнуў увагу на постаць Пілата. Езуса абвінавачвалі ў палітычнай дзейнасці, але, калі Пілат убачыў, што Езус не займаецца палітыкай, то не ведаў, што рабіць. Адзінае, што Пілат зрабіў — адмахнуўся ад таго, што блізка кожнаму чалавеку, — ад сумлення. Як часта мы адмахваемся ад сумлення? — над гэтым прапанаваў падумаць біскуп.

«Між тым, мы ўсюды шукаем сумленных людзей, пачынаючы ад улады і заканчваючы простымі працаўнікамі. Не было б тых войнаў, якія і зараз агортваюць свет, калі б краінамі кіравалі сумленныя людзі», — адзначыў іерарх.
Таксама біскуп нагадаў пра дар Міласэрнасці, якая прабачае: менавіта Божая Міласэрнасць здольная наталіць сумленне чалавека, якое жыве ў сэрцах і якому людзі павінны дазволіць дзейнічаць.

Сярод дароў, прынесеных да алтара, быў посуд з мноствам паперак са словамі «дзякуй». Гэты дар сімвалізаваў адну з інтэнцый, у якой цэлебравалася Імша, — інтэнцыю падзякі парафіянам за адданае служэнне і матэрыяльную дапамогу, якая спрыяе як духоўнай, так і матэрыяльнай аднове параф'янаўскай парафіі.

Пасля Імшы парафіянам былі ўручаны лісты-падзякі за аднаўленне роднай святыні і падтрыманне парафіі.


Як адзначыў пробашч ксёндз Раман Мурзіч, актыўны ўдзел у жыцці парафіі і дапамога спрыяе еднасці і аднаўленню найперш духоўнай святыні параф'янаўскай зямлі; агульная святая справа і адчуванне адказнасці за яе яднае народ ва ўсе часы, а тых, хто супрацоўнічае ў гэтай справе, робіць годнымі і адданымі змагарамі за Валадарства Хрыста, улада якога не з гэтага свету.


Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by