Адкрыццём выставы дзіцячай творчасці пачаўся ў Віцебску фестываль «Дні хрысціянскай культуры» | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
07.12.2015 15:22

5 снежня ў Віцебскай дыяцэзіі адкрыўся XVI Фестываль «Дні хрысціянскай культуры». Фестываль па традыцыі пачаўся з адкрыцця выставы дзіцячай творчасці ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрднага ў Віцебску.

Выставу наладзілі навучэнцы СШ №45, СШ №40, гімназіі №9, студыі авангарднай моды «Фларыяль», студыі «Салекс» разам са сваімі настаўнікамі Л. М. Швед, С. В. Жылінскай, Г. П. Грышанавай, В. В. Варабчук, А. В. Пятровай, І. І. Міхлюком. Ганаровае месца на выставе занялі габелены, створаныя педагогам Мілдай Кадзетавай.

Апекаваўся святочнай імпрэзай канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. Адам Дынак. Праводзілі імпрэзу Л. П. Богадухава і Л. М. Швед. На вернісаж дзеці запрасілі сваіх бацькоў, малодшых братоў і сясцёр, настаўнікаў, святароў.

Атрымалася сапраўды сямейнае свята – чаканне Божага Нараджэння. Прысутныя чыталі вершы, спявалі песні, удзельнічалі ў віктарыне.

Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч звярнуўся да усіх удзельнікаў свята з прывітаннем і віншаваннямі і ўручыў дзецям і дарослым дыпломы за актыўны ўдзел у фестывалі.

Выстава прац, выкананых у традыцыйных беларускіх тэхніках, чакае гледачоў.

XVI Фестываль «Дні хрысціянскай культуры» ў Віцебскай дыяцэзіі завершыцца 6 студзеня.

Людміла Ярмолава, (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by