Міністэрства культуры не бачыць перашкодаў, каб касцёл св. Антонія быў адбудаваны | | Друк | |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
09.12.2015 16:23 |
Аб гэтым прадстаўнікам каталіцкіх і свецкіх СМІ паведаміў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч на прэс-канферэнцыі, што адбылася 9 снежня ў Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі. Міністэрства культуры не бачыць перашкодаў, больш за тое — лічыць
патрэбным, каб у будучыні ў цэнтры Віцебска быў адбудаваны касцёл
святога Антонія. Адзіная заўвага — касцёл трэба перасунуць
адносна старога фундаменту, каб будынак не займаў праезжую частку. Праблема адбудовы касцёла святога Антонія на ранейшым месцы ўжо даўно хвалюе грамадскасць Віцебска, і падчас прэс-канферэнцый у курыі гэтае пытанне гучыць ужо не першы раз. Пры гэтым біскуп Віцебскі падкрэсліў, што гэта толькі пачатак, неабходна яшчэ шмат іншых узгадненняў, «але першы крок ужо зроблены».«Мы жывем гэтай надзеяй і ўвесь час молімся ў гэтай інтэнцыі», — дадаў іерарх. Сам віцебскі ардынарый, як зараз, так і падчас свайго служэння ў парафіі Святога Антонія ў Віцебску ў якасці пробашча, неаднаразова казаў аб сваёй мары пра адбудову касцёла святога Антонія. Таксама біскуп паведаміў, што Віцебская дыяцэзія выратавала ад разбурэння і каталіцкую капліцу, пабудаваную ў 1859 годзе на сродкі сям’і шляхцічаў Дуніных-Слепсцяў і асвечаную ў 1860 годзе ў гонар Маці Божай Балеснай. Зараз будынак знаходзіцца на вуліцы Урыцкага, 25 на тэрыторыі Віцебскага батанічнага саду. Некалькі месяцаў таму было прынята рашэнне аб разбурэнні гэтай капліцы як аварыйнай. Дзякуючы згодзе Міністэрства адукацыі (дагэтуль капліца знаходзілася на балансе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава) і ўмяшальніцтву віцебскага ардынарыя, рашэнне аб разбурэнне капліцы было спынена, зараз вядуцца перамовы аб магчымасці перадачы яе ва ўласнасць Віцебскай дыяцэзіі.
Гісторыя віцебскага касцёла св. Антонія Падуанскага бярэ свой пачатак у XVII ст., калі ў 1685 г. манахі-бэрнардынцы пабудавалі на Ратушнай плошчы драўляныя кляштар і касцёл. Праз некаторы час падчас пажару кляштар і касцёл згарэлі, аднак у 1731 г. былі адбудаваны з дрэва. Праз два гады, 31 мая 1733 г., касцёл зноў згарэў, калі ў Віцебску адбыўся пажар. Пасля пажару ў 1737 г. на сродкі Казіміра і Тэклі Саковічаў пачалося будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара. У 1768 г. касцёл быў асвечаны ў гонар святога Антонія Падуанскага біскупам-суфраганам Феліксам Тавяньскім. Кацярына Лаўрыненка |