Два тэлеканалы правядуць трансляцыю вігілійнай Імшы з віцебскай катэдры | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
10.12.2015 11:37

Два тэлеканалы: «Віцебск» і «Беларусь 4. Віцебск», вяшчанне якіх вядзецца на тэрыторыі Віцебскай вобласці будуць трансліраваць у прамым эфіры Вігілійную святую Імшу з катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску, якую ўзначаліць Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Аб гэтым паведаміў сам іерарх на прэс-канферэнцыі 9 снежня ў Віцебскай дыяцэзіяльнай курыі.

Трансляцыя Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Нараджэння Пана распачнецца 24 снежня ў 21.30.

У той жа дзень у эфіры тэлеканала «Віцебск» у 19.00 выйдзе праграма «Вячэрні Віцебск», галоўным госцем якой будзе біскуп Алег Буткевіч.

Трэба адзначыць, што тэлеканалы «Віцебск» і «Беларусь 4. Віцебск», апрача наземнага эфіру, трансліруюць амаль усе кабельныя аператары вобласці і лічбавае тэлебачанне «ZALA».

Біскуп Алег Буткевіч выказаў падзяку калектыву Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства радыётэлецэнтр «Тэлерадыёкампанія "Віцебск"» і яго кіраўніку Алене Панцюховай за магчымасць, якую атрымалі вернікі дыяцэзіі, перажыць разам са сваім пастырам гэты святочны час.

Ул.кар.

 
© 2003-2024 Catholic.by