Выстава прац фларыстыкі адкрылася ў межах фестывалю «Дні хрысціянскай культуры» ў Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
14.12.2015 12:37

12 cнежня ў межах XVI Фестывалю «Дні хрысціянскай культуры», які праходзіць у Віцебскай дыяцэзіі, у парафіі Святога Духа ў Віцебску адкрылася выстава прац, створаных у тэхніцы фларыстыкі.

Віцебскі народны клуб фларыстыкі «Анюта» пад кіраўніцтвам Іны Юрчанка прэзентаваў працы на тэму «Свет навокал нас», у якіх адлюстравана прыгажосць Божага стварэння, хараство Беларусі.

Удзел у выставе прынялі таксама вучні і настаўнікі СШ№40, СШ№45, гімназіі №9 з п. Руба, студыя авангарднай моды «Фларыяль».

Імпрэза пачалася спевам святочных песень і чытаннем класічных вершаў аб Божым Нараджэнні. Да сабраных звярнуўся пробашч парафіі Святога Духа а. Адам Квяткоўскі SDS. Святар распавёў пра важнасць часу Адвэнту і падрыхтоўкі сэрца да святаў Божага Нараджэння, падзякаваў творцам за працы, выкананыя з вялікай любоўю.

Дзеці з нядзельнай школы пры касцёле, з гімназіі, школ і студый горада з задавальненнем удзельнічалі ў каляднай віктарыне, спявалі, вадзілі карагод каля ёлкі.

Для ўдзельнікаў выставы а. Адам Квяткоўскі SDS падрыхтаваў дыпломы, сёстры законныя Наталля і Серафіна разам з парафіянамі пачаставалі дзяцей прысмакамі.

Да падрыхтоўкі фестывальнай імпрэзы далучыліся настаўнікі Людміла Швед, Святлана Жылінская, Вольга Варабчук, Людміла Багадухава, Галіна Грышанава, Алёна Пятрова, а. Лукаш Карасіньскі SDS і парафіяне.


Напрыканцы праграмы ўдзельнікі студыі «Фларыяль» прадэманстравалі строі, зробленыя сваімі рукамі.

Свята ў Віцебску працягваецца. XVI Фестываль «Дні хрысціянскай культуры» праходзіць з 5 снежня па 6 студзеня.

Людміла Ярмолава, (AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by