У віцебскай катэдры прайшло першае экуменічнае набажэнства з моманту заснавання Віцебскай дыяцэзіі | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
23.01.2016 14:48

22 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылося экуменічнае набажэнства пад дэвізам гэтага года «Пакліканыя, каб абвяшчаць вялікія справы Пана» (пар. 1 П 2, 9), падчас якога прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў і дэнамінацый Віцебска маліліся аб еднасці хрысціян.

Aдметна, што падобнае набажэнства ў віцебскай катэдры адбылося ўпершыню з часоў заснавання Віцебскай дыяцэзіі.

У экуменічным набажэнстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, а таксама пробашч віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстовага протапрэзбітэр айцец Зміцер Грышан, прарэктар па вучэбнай рабоце Віцебскай духоўнай семінарыі Праваслаўнай Царквы протаіерэй Дзмітрый Савіч, прадстаўнікі Евангельскіх хрысціян-баптыстаў — пастар Аляксей Альшэўскі з Царквы «Пульс» у Віцебску і пастар Царквы «Надзея» ў Віцебску Генадзь Ляшчоў, пастар віцебскай абшчыны Пятра і Паўла Евангельска-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў.  

Набажэнства пачалося працэсіяй, на чале якой неслі Святое Пісанне. Само набажэнства адбывалася пры запаленым пасхале.

Падчас набажэнства былі прачытаны малітва да Святога Духа, малітвы паяднання і малітвы надзеі.

«Сёння мы молімся аб адзінстве паміж хрысціянамі, і гэтае адзінства заключаецца ў наказах Хрыста, якія мы пачулі праз прачытанае слова. Мы усе адказныя за выкананне гэтых наказаў, і калі мы ўсе робім агульную справу, гэта нас аб’ядноўвае», — нагадаў у сваёй прамове пастар Царквы «Надзея» ў Віцебску Генадзь Ляшчоў.

Пастар Уладзімір Татарнікаў азначыў, што сённяшняе грамадства забывае, што такое вера, і падкрэсліў важнасць сумеснай малітвы, дадаўшы, што ў сённяшніх умовах вельмі важна казаць аб адзінстве і выступаць адзіным фронтам у справах веры, маралі і сямейных каштоўнасцяў, «бо ўсе мы закліканы абвяшчаць укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста».

Протаіерэй Дзмітрый Савіч нагадаў, што «малітва Езуса — “каб усе былі адно” — гэта пэўны заклік да нас звярнуцца да Яго, каб пераадолець пыху і жорсткасць нашага сэрца, але не моцай, а толькі Яго любоўю і міласэрнасцю, каб мы маглі стаць тым адзіным статкам, які Ён даручыць свайму ўмілаванаму Айцу — Госпаду нашаму».

Протапрэзбітэр айцец Зміцер Грышан нагадаў, што гэтая малітоўная сустрэча — вельмі важная падзея для той будучыні, аб якой мы ўсе молімся — «Каб усе былі адно». Святар адзначыў, што прадстаўнікам розных хрысціянскіх канфесій трэба вучыцца быць блізка адзін да аднаго, а таксама бачыць тое «прыгожае і вартае, што кожная канфесія можа прынесці ў Царкву Хрыстовую».

Святар падкрэсліў важнасць хросту, які з’яўляецца фундаментам хрысціянства.


Віцебскі ардынарый біскуп Алег Буткевіч адзначыў асаблівы характар гэтай сустрэчы: «Сёння мы не толькі кажам, сёння мы разам молімся з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх Цэркваў і дэнамінацый аб так важным дары еднасці, аб чым прасіў Езус у свайго Айца – “Няхай усе будуць адно”».

Іерарх адзначыў, што на шляху да еднасці хрысціян часта паўстае перашкода — гэта думка, якім чынам будзе дасягнута гэтая еднасць.

Біскуп нагадаў аб важнасці міласэрнасці і прабачэння, асабліва ў Год Міласэрнасці: «Гэта вельмі важна, каб мы ўмелі дараваць крыўды, якія ўчынілі адзін аднаму, і гэта датычыцца не толькі крыўдаў ў гістарычным вымярэнні, але датычыцца найперш нас у нашым штодзённым жыцці».

Кажучы пра пошук паяднання хрысціян, іерарх падкрэсліў: «Каб паяднацца паміж сабою, мы найперш павінны паяднацца з нашым Айцом — праз пакаянне, праз малітву, праз Эўхарыстыю». «Мы павінны шчырым сэрцам шукаць гэтых шляхоў у першую чаргу да паяднання з Богам. І тады тая справа еднасці стане магчымай. Сённяшняя падзея, калі мы можам разам стаяць каля алтара і ўзносіць малітву, — гэта ўжо вельмі важны і выразны знак, што гэтая еднасць магчымая», — дадаў віцебскі ардынарый.


Пасля складання абавязку быць соллю і святлом, падчас якога прагучалі словы: «Занясём гэтае святое Слова свету, паколькі мы з’яднаны ў адной місіі — быць соллю зямлі, быць святлом свету і абвяшчаць вялікія справы Пана», — прысутныя прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў у знак супольнай місіі ўсіх Цэркваў запалілі свечкі ад пасхала, як сімвала святла Уваскрослага Хрыста.

Напрыканцы набажэнства прысутныя перадалі адзін аднаму знак супакою.

Кацярына Лаўрыненка,
фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by