Біскуп Алег Буткевіч асвяціў муры парафіяльнага касцёла ў Дуброўне | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
27.04.2016 14:24

26 красавіка парафія Маці Божай Фацімскай у Дуброўне (Віцебская дыяцэзія) перажывала падвойнае свята: падчас кананічнай візітацыі парафіі віцебскі ардынарый здзейсніў асвячэнне муроў касцёла.

Перад гэтым біскуп Віцебскі Алег Буткевіч усклаў вянок у мемарыяльным комплексе «Рыленкі», дзе знайшлі свой апошні прытулак воіны, якія загінулі падчас вызвалення Дуброўна ў 1944 годзе.

Пачаткі

Дождж шчодра палівае рознакаляровыыя сцяжкі, якімі ўпрыгожана тэрыторыя вакол касцёла. Але, нягледзячы на дождж і шэрае неба, настрой у парафіян узнёслы. І ў гэты святочны дзень яны з гонарам успамінаюць пачаткі адраджэння сваёй парафіі.



Леакадзія Арлова жыве тут ужо 40 гадоў — у 1975 г. яна прыехала сюды па размеркаванні з Гродзеншчыны. У параўнанні з захадам тут была проста «духоўная пустыня» — апошнія парасткі веры былі жорстка вынішчаны яшчэ перад вайной.

Таму для соцень тых, хто прыбыў на пастаяннае жыхарства ва ўсходнія раёны Беларусі, гэта было і пэўнае «развітанне» з Касцёлам — хіба раз на год, наведваючы родныя мясціны, людзі мелі магчымасць прыйсці на Імшу ў касцёл, а нехта ў такіх умовах і ўвогуле пра яго забываўся.  

Больш падрабязна пра гісторыю парафіі чытайце тут»

Леакадзія прыгадвае, як у 1990-я гг., шукаючы духонай апоры, яна знайшла касцёл у Оршы, ездзячы на Імшу за 18 кіламетраў. А затым айцец Яраслаў Хыбза МІС, які на той час служыў у Оршы, папрасіў яе адшукаць католікаў у Дуброўне. Вось так і сабралася ў Дуброўне разам група католікаў.  

Першапачаткова новаствораная супольнасць збіралася на Імшу ў кватэры спадарыні Леакадзіі, а таксама ў Пятра Жыха. Пасля вяртання ў Дуброўна праз шмат гадоў супольнасці бернардынцаў, калі ў 2001 г. сюды прыехалі на службу айцы Сабін Яцэк Тлок OFM і Адам Наталіс Фалькус OFM, для парафіяльнай супольнасці была набыта хата ў мікрараёне Бярозкі.

Парафіянкі ўспамінаюць, у якіх цяжкіх умовах прыйшлося працаваць айцам бернардынцам: у набытай імі хаце не было ацяплення, хуліганы разбівалі вокны і нават вымагалі грошы ў святароў.

Пасля выезду бернардынцаў у парафіі працавалі дыяцэзіяльныя святары. Тады ж вернікі пачалі хадзіць па інстанцыях, каб атрымаць пляц пад будову касцёла. І, нарэшце, 24 верасня 2006 г. адбылося асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва.

Ксёндз Андрэй Драгун, які на той час служыў у парафіі, уласна і распачаў будову, а скончыў яе ўжо сённяшні адміністратар парафіі кс. Уладзімір Шымковіч. Жанчыны кажуць, што, паколькі парафіяльная супольнасць маленькая, ды і практычна жаночая, асноўны цяжар па ўзвядзенні касцёла лёг выключна на плечы святара. «Мы выконваем жаночую працу — мыем касцёл, даглядаем кветкі», — кажуць яны.

Уражвае і ахвярнасць парафіян — яны адзначаюць, што ёсць адзінокія вернікі-пенсіянеры, якія з невялікай пенсіі хоць 50 тысяч, але імкнуцца ахвяраваць на патрэбы касцёла. І як тут не ўспомніць пра той самы ўдовін грош....

Я лаўлю сябе на думцы, што парафіянкі памятаюць кожную дэталь, кожны момант існавання сваёй парафіі, нібы зноў перажываючы тыя часы: бачна, як гэта важна і каштоўна для іх. А яшчэ яны з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаюць усіх святароў, якія служылі ў гэтай парафіі.

«На гэтай зямлі Бог прагне застацца з тымі, хто Яго шукае»

26 красавіка дубровенскі касцёл быў цалкам запоўнены — у гэты дзень у парафіі адбывалася дыяцэзіяльная сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў.

Вельмі важным было тое, што радасць асвячэння сцен касцёла змаглі раздзяліць з парафіянамі і іх душпастырам усе святары і кансэкраваныя асобы дыяцэзіі.  

Падчас урачыстай святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, парафіяне ўручылі яму сімвалічны ключ ад касцёла, адзначыўшы, што дубровенская святыня для іх з’яўляецца месцам, дзе «сыходзіцца мінулае і цяперашняе».

Таксама прадстаўнік парафіі нагадаў, што, прыехаўшы ў свой час у Дуброўна, вернікі разам з «усім неабходным прывезлі і каталіцкую веру».

Сённяшняя парафіяльная супольнсць у Дуброўне — гэта людзі, якія прыехалі сюды з заходніх раёнаў Беларусі. Мясцовых проста няма. Тыя нешматлікія католікі, якія здолелі фізічна ўцалець у міжваенны перыяд, калі ва ўсходняй Беларусі вынішчалі рэлігію, або адышлі ад Касцёла, або перайшлі ў праваслаўе.

У гаміліі біскуп адзначыў, што месца, дзе ў гэты дзень сабраліся ўсе прысутныя, — самы ўсход Віцебскай дыяцэзіі, дзе «вера была амаль цалкам знішчана і Касцёл трэба было адбудоўваць спачатку».  


Звяртаючыся да прысутных святароў, іерарх нагадаў: «Мы з вамі пакліканы Богам, каб быць сведкамі, тымі, хто нясе супакой». «Наша прысутнасць тут — спаўненне гэтай функцыі: мы сёння тут, каб несці супакой. Для нас гэта — чарговая сустрэча, а для гэтай мясцовасці — выразны знак, які знаходзіць водгук. Гэтая зямля ўдзячная за кожнае праяўленне, за кожную прысутнасць таго, хто служыць Богу і вядзе чалавека да Яго», — дадаў віцебскі ардынарый.

Прыгадваючы, што дубровенскі касцёл носіць тытул Маці Божай Фацімскай, біскуп адзначыў, што гэта «знак, што Бог прагне пасяліцца тут, бо там, дзе ёсць Маці Божая, там ёсць і Яе Сын, ёсць і дар той вялікай ласкі, вялікай міласэрнасці, якая змяняе гэты свет».

Напрыканцы гаміліі біскуп заклікаў, каб дзверы гэтага касцёла «заўсёды былі адчынены для тых,  хто прагне прабачэння, хто шукае Божай міласэрнасці і любові».

«Каб Бог благаславіў намаганні ў пабудове Божага Валадарства на дубровенскай зямлі»

Падчас Імшы віцебскі ардынарый удзяліў сакрамэнт канфірмацыі тром парафіянкам. Імшу ўпрыгожваў спевам хор з талачынскай парафіі.

На свята прыехалі вернікі з усяго Аршанскага дэканату. Таксама прысутнічала шмат мясцовых жыхароў, сярод якіх былі і праваслаўныя, якія прыйшлі падтрымаць братоў-хрысціян.

Кранальна было пачуць прызнанне адной жанчыны, якая, паводле яе слоў, не наведвае ніякі храм, але прыйшла сюды ў знак удзячнасці да католікаў — яе дачка жыве і працуе на Міёршчыне, дзе спазнала шмат спагады і дапамогі ад каталіцкіх вернікаў.

Можна з упэўненасцю сказаць, што і шматлікая прысутнасць мясцовых некатолікаў, і ўвага, а таксама прысутнасць мясцовых уладаў — ўсё гэта сведчанне аўтарытэту і той ролі, якую адыгрывае Каталіцкі Касцёл на гэтай зямлі.  

Напрыканцы Імшы прагучала шмат словаў падзякі з вуснаў адміністратара парафіі ксяндза Уладзіміра Шымковіча ў адрас усіх тых, хто спрыяў будаўніцтву касцёла і арганізацыі гэтага свята — спонсараў, прадстаўнікоў улады, парафіян, — бо кожная цаглінка, як і самая маленькая дапамога, наблізіла парафію да таго дня, калі парафіяльная супольнасць атрымала сваё месца малітвы. 

Біскуп Алег Буткевіч у сваю чаргу выказаў словы шчырай падзякі пробашчу парафіі за яго служэнне, адзначыўшы, што дзейнасць святара стала «знакам адданасці службе Божай, знакам той сапраўднай радасці, якая выплывае з таго, што чалавек добра спаўняе сваю справу».


Кацярына Лаўрыненка,
фота Аляксандры Шчыглінскай

 
© 2003-2024 Catholic.by