Бараніць каштоўнасці, дадзеныя Богам: аўтапрабег у абарону жыцця ненароджаных прайшоў у Віцебску | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
02.06.2016 14:02

1 чэрвеня ў Дзень абароны дзяцей у Віцебску адбыўся ўжо трэці па ліку аўтапрабег ў абарону жыцця ненароджаных дзяцей. Арганізатарам акцыі выступіў дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы».

Як адзначыў у размове з Catholic.by душпастыр сем’яў Віцебскай дыяцэзіі а. Віталь Сапега OP, «гэта акцыя — маніфест праўды аб годнасці чалавека ад зачацця і да натуральнай смерці, каб паўплываць на сумленне чалавека, які пачаў бы разумець, дзе ёсць праўда».

Паводле слоў святара, «трэба быць адважным чалавекам і бараніць каштоўнасці, дадзеныя нам Панам Богам».

Акцыя распачалася на паркінгу каля магазіна «Еўраопт», дзе валанцёры,  супрацоўнікі фонду і проста неабыякавыя людзі раздавалі мінакам улёткі, дзе ў прыватнасці былі надрукаваны нумары тэлефонаў, па якіх можа патэлефанаваць жанчына, якая думае пра лёс зачатага дзіцяці.

«Мы выходзім на вуліцы, каб давесці грамадству, што гэта натуральна — захоўваць кожнае зачатае жыццё», — зазначае дарадчык сямейнага жыцця Віцебскай дыяцэзіі Настасся Кавалеўская.
 
Варта адзначыць, што мінакі рэагавалі на ўлёткі давалі пазітыўна. Вось немалады ўжо мужчына кажа: «А мне гэта непатрэбна, у мяне ўжо ўнукі ёсць». Аднак акуратна складвае ўлётку і кладзе ў пакет.

Ірына Малочка, якая цярпліва раздае ўлёткі, адзначае, што сустрэчы пралайфераў заўсёды падтрымліваюць агульны дух. Жанчына распавядае, што справай абароны выратавання ненароджаных дзяцей яна займаецца разам з мужам — менавіта ён з нядаўняга часу ходзіць маліцца ў віцебскі абартарый.


Наступнай часткай арганізаванага аўтапрабегу стаў выезд калоны з васьмі машын са сцягамі і налепкамі супрацьабортнай тэматыкі на вуліцы горада. На працягу дзвюх гадзін машыны праехалі па ўсіх асноўных вуліцах Віцебска.  

Напрыканцы акцыі ў неба каля філармоніі было выпушчана шмат балонікаў.


Скончыўся аўтапрабег ля абласной філармоніі, дзе ўдзельнікаў акцыі сустрэў Аляксей Талай, які таксама прыбыў падтрымаць акцыю. Мужчына ў выніку няшчаснага выпадку яшчэ ў дзяцінстве страціў рукі і ногі, але, дзякуючы моцы свайго духа, не зламаўся. Сёння ён паспяховы бізнэсмэн і бацька траіх дзяцей.

Кацярына Лаўрыненка, фота аўтара і ўдзельнікаў фонду «Адкрытыя сэрцы»

 
© 2003-2024 Catholic.by