Віцебская дыяцэзія далучылася да Апостальства дапамогі душам чыстцовым | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
28.09.2016 12:34

Падчас пастырскай сустрэчы для духавенства і кансэкраваных асобаў, якая адбылася 27 верасня ў Мёрах, стала вядома, што ў Віцебскай дыяцэзіі распачынае дзейнасць рух Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ).

АДДЧ — форма апостальства Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чыстцовым, якую заснаваў бл. Ганарат Казьмінскі і маці Ванда Алендская ў 1889 годзе ў Закрочыме (Польшча). Апостальства ўзнікла як адказ на шматлікія просьбы, якія скіроўвалі да сясцёр Кангрэгацыі свецкія людзі.

Абавязкі сяброў АДДЧ:

  • памятаючы пра сваё пакліканне да святасці, рэгулярна прыступаць да святых сакрамэнтаў, чытаць Святое Пісанне, весці малітоўнае жыццё, праяўляць дзейсную любоў да бліжняга;
  • дапамагаць душам памерлых, якія знаходзяцца ў чыстцы, праз штодзённую адвольную малітву за памерлых, ахвяраванне ў інтэнцыі памерлых штодзённай працы і цяжкасцяў, добрых учынкаў, адпустаў; праз замаўленне (па меры магчымасці) святых Імшаў за памерлых або прынамсі ахвяраванне за іх свайго ўдзелу ў Эўхарыстыі;
  • чытаць «Акт штодзённага ахвяравання», праз прамаўленне якога ўдзельнік руху яднаецца з іншымі яго сябрамі;
  • клапаціцца пра развіццё руху праз заахвочванне да ўдзелу ў ім іншых.

Адказным за дзейнасць і развіццё АДДЧ у Віцебскай дыяцэзіі прызначаны а. Лукаш Красінскі SDS.

З далучэннем Віцебскай дыяцэзіі да АДДЧ справа Апостальства распаўсюдзілася па ўсёй Беларусі.

Больш падрабязна пра дзейнасць Апостальства, а таксама кантакты з адказнымі ў кожнай дыяцэзіі — на сайце руху: apostalstva.by.


Валянціна Грамыка

 
© 2003-2024 Catholic.by