Новы год у марскім стылі адсвяткавалі ў Шуміліне | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
04.01.2017 11:22

Ноч з 31 снежня на 1 студзеня некаторыя католікі з Мінска і іншых гарадоў Беларусі, а таксама госці з Польшчы правялі ў Шуміліне. Малітвай, супольнай вячэрай і касцюміраваным вечарам яны сустрэлі новы 2017 год.

Вось ужо трэці год запар ксяндзы аблаты, якія нясуць служэнне ў парафіі ў Шуміліне, прымаюць ў сябе гасцей на Новы год. У невялікі пасёлак на Віцебшчыне прыязджаюць з розных куткоў краіны.

На пачатку святкавання ўдзельнікі памаліліся падчас святой Імшы, якую цэлебраваў а. Анджэй Юхневіч ОМІ, і атрымалі благаслаўленне на новы год.

«Пан Бог — гэта не толькі наглядчык, але Той, Хто любіць, і каго я магу называць Абба, або “татачка”. Той, Які са мной уваходзіць у маю штодзённасць, у 2017 год. Ён не дазволіць мне падняцца высока і “задзіраць нос”. Ён навучыць, што трэба рэальна ступаць па зямлі. Паўната майго часу рэалізуецца, бо ў гэтым моманце са мной прысутнічае мой Бог», — заўважыў а. Анджэй Юхневіч падчас гаміліі.

Кожны год супольнае святкаванне мае пэўную тэматыку. Летась яна мела назву «каменны век». Удзельнікі святкавання апраналі касцюмы старажытных людзей, звяроў і птушак.

Сёлета ж навагодні карнавал меў «марскую» тэматыку, пры гэтым быў цалкам безалкагольным. Усё, пачынаючы ад дэкарацый і афармлення стала, заканваючы касцюмамі ўдзельнікаў было звязана з тэмай мора.

Пасля святой Імшы распачаўся тэматычны карнавал, у якім удзельнічалі Адмірал марскога флоту і яго каманда: матросы, піраты, царэўна Лягушка, залатыя рыбкі, мядуза, васьміног, марская зорка, слімак, Няптун і шматлікія іншыя «марскія» персанажы.
Прысутныя ўдзельнічалі ў конкурсах, танчылі і віншавалі адно аднаго з Новым годам і Божым Нараджэннем.

«Рашэнне “паехаць ці не паехаць” прымаў доўга, бо звычайна Новы год сустракаў з роднымі. Але ўсё ж захацелася нейкіх перамен! Шмат разоў тэлефанаваў айцу Анджэю, каб даведацца, што там будзе. Святар сказаў так: “прыедзеш — убачыш”, і запаліў у маім сэрцы іскру», — распавёў удзельнік сустрэчы Арцём Макарэвіч.

«Мне не хапае словаў, кааб падзяліцца сваімі ўражаннямі ад святкавання Новага года! І яшчэ я ўпэўніўся, што Мары здзяйсняюцца, калі ў іх верыць! Хачу падзякаваць усім тым людзям, якія дапамаглі мне сустрэць гэты Новы год!», — дадаў Арцём.

«Гэта было цудоўна. Уразіла натхнёнасць, энтузіязм і добразычлівасць удзельнікаў сустрэчы. Хацелася б пажадаць а. Анджэю Божай дапамогі і падтрымкі парафіян у служэнні!», — падзялілася Ірына Кірылюк з Віцебска.

Вясёлым вечарам з конкурсамі і танцамі скончылася сустрэча Новага года ў марскім стылі, а наперадзе кожнага з нас чакае яшчэ адзін год, падараваны Богам. Год, калі мы можам як тыя караблі «выплысці на глыбіню» і рэалізоўваць Божы план у сваім жыцці.

Марына Валасар, фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by