У Віцебску прайшоў штогадовы дыяцэзіяльны конкурс батлеек | Друк |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія
07.01.2017 13:18

5 студзеня ў Віцебску адбыўся дыяцэзіяльны конкурс батлееек, які стаў ужо традыцыйным, праходзячы ў межах Дзён хрысціянскай культуры Віцебскай дыяцэзіі. Гэтым разам у конкурсе прынялі ўдзел дзеці і моладзь 13 калектываў з дванаццаці парафій.

Дзеля ўдзелу у конкурсе многім дзецям прыйшлося прачнуцца яшчэ да світання, каб на вызначаны час прыехаць у Віцебск. Прадстаўнікам зусім маладой  парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах прыйшлося пераадолець цяжкасці дарогі ў моцны мароз — на палове шляху паліва ў аўтобусе замерзла, і ксяндзу Андрэю Бульчаку прыйшлося тэрмінова шукаць новы аўтобус.

Дзякуючы ж гасціннасці Празароцкай парафіі дзеці адагрэліся не толькі гарачай гарбатай, але і цяплом чалавечай спагады.

Парадавала, што ў конкурсе прынялі ўдзел і прадстаўнікі колькасна малых парафій, дзе, як правіла, зусім няшмат дзяцей — парафія Маці Божай Фацімскай у Дуброўне і парафія Найсвяцейшай Тройцы у Росіцы.

У чарговы раз парафія Найсвяцейшай Тройцы з Друі прыехала з праграмай, у якой прымалі ўдзел дзеці з мясцовага Дзіцячага дома, якімі апякуюцца сёстры эўхарысткі на чале з сястрой Наталляй Арлянковіч.

У зале, дзе праходзіў конкурс, панавала святочная атмасфера, а дзеці і моладзь у сваіх выступленнях на тэму Божага Нараджэння ўздымалі зусім недзіцячыя праблемы. Прадстаўнікі парафіі з Ідолты ў выступленні паспрабавалі адказаць на пытанне «што такое шчасце?», а дзеці і моладзь з парафіі Езуса Міласэрнага  ў Віцебску ўзнялі тэму пошукаў Езуса ў нашым жыцці.

Героі спектакля нясуць падарункі да нованароджанага Езуса, але па дарозе сустракаюць чалавека у патрэбе — і аддаюць яму рыбу, каб той наталіў голад, лекі, каб той вылячыўся, і цёплую вопратку, каб ён сагрэўся.

Пры гэтым яны трошкі збянтэжаны, што прыйдуць да Дзіцяткі Езуса з пустымі рукамі і неналежным чынам апранутыя, пры гэтым, пытаючыся, як жа знайсці тую дарогу, якая прывядзе іх да Езуса. І аказалася, што міласэранасць — гэта і ёсць тая дарога, і калі маеш добрае сэрца і шчыра шукаеш Езуса у сваім жыцці, не трэба ісці вельмі далёка — Ён побач.

Выступленні ацэньвалі журы ў наступным складзе: Таццяна Дарафеева — арганістка парафіі Святога Духа ў Віцебску, Алесь Замкоўскі — загадчык  літаратурна-драматычнай часткі тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску, і Алег Рыхтэр, акцёр тэатра «Лялька» ў Віцебску.

Члены журы высока ацанілі выступленні дзіцячых калектываў, адзначаючы і добрую падрыхтоўку, і арыгінальнасць многіх пастановак, а таксама добрую ігру зусім непрафесійных маленькіх акцёраў. Таццяна Дарафеева прызналася, што яе вельмі ўразіла, як «шчыра дзеці кажуць пра важныя рэч».

«Гэта дапамагае глыбей адчуць сэнс святаў Божага нараджэння, — адзначыла член журы, дадаючы, што яе асабліва ўразіла выступленне дзяцей з Друі. — Я сядзела і плакала».

Таццяна Дарафеева распавяла, што ў свой час сама працавала з дзецьмі–сіротамі і таму разумее, колькі высілкаў трэба было прыкласці сёстрам эўхарысткам, каб гэтыя дзеці маглі ўдзельнічасць у спектаклі.


Маленькія акцёры, канечне ж, вельмі чакалі падвядзення вынікаў конкурсу. Узнагароджванне пераможцаў адбылося ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага. Перад гэтым адбыўся, пэўна, адзін з самых важных і кранальных момантаў гэтага дня, калі ў 15.00 усе дзеці разам маліліся Каронкай да Божай Міласэрнасці.

Падвядзенне вынікаў

У першую чаргу свае ўзнагароды атрымалі пяцёра маленькіх акцёраў, чыю ігру асаблівым чынам адзначылі члены журы. Некалькі парафій атрымалі узнагароды ў розных намінацыях, а месцы былі размеркаваны наступным месцам — трэцяе месца раздзялілі паміж сабой тры парафіі: Святога Антонія ў Віцебску, Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Наваполацку і Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве.


Другое месца было падзелена паміж прадстаўнікамі парафій  Святога Андрэя Баболі ў Полацку і Езуса Міласэрнага у Паставах, першае атрымалі дзеці і моладзь з катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску.  


Узнагароды і прызы выступоўцам уручаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які прысутнічаў на конкурсе у якасці гледача. У сваім выступленні іерарх адзначыў, што вельмі ўражаны гэтымі выступленнямі, падзякаваўшы выступоўцам і ўсім тым, хто прычыніўся да іх падрыхтоўкі, «да той вялікай радасці, якую мы ўсе з вамі перажылі».

Падарункі ж для выступоўцаў, якія атрымалі ўсе дзеці без выключэння,  падрыхтаваў ксёндз Андрэй Аніскевіч, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску і дырэктар «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі.

Кацярына Лаўрынека, фота аўтара

 
© 2003-2024 Catholic.by